Дзень Волі – 2019 у Беластоку
Беларусы Беласточчыны ўрачыста адзначылі Дзень Волі. Спачатку святкаванняў у Беластоку прагучаў аўдыёзапіс звароту Івонкі Сурвілы з нагоды 25 сакавіка скіраваны да беларусаў Беласточчыны.
Удзельнікі святкавання паглядзелі кароткі фільм Лукаша Стэпанюка пра мінулагодняе святкаванне 25-га сакавіка ў Беластоку. Прафесар Алег Латышонак распавёў пра падзеі 100-гадовай даўніны – дзейнасць беларускага ўраду ў Гародні і адраджэнне на Беласточчыне.
Прадстаўнік арганізацыйнага камітэту святкаванняў Яўген Вапа прыгадвае, што Дзень Волі беларусы Падляшша адзначаюць на працягу 30-ці гадоў. Свята застаецца важным як для старэйшага, так і для маладзейшага пакалення:
– Для нас важна тое, што беларусы Беласточчыны былі сярод тых, хто будаваў гэтую дзяржаву. Першы прэм’ер Язэп Варонка з Кузніцы Беластоцкай, які потым эміграваў у Амерыку, дзе таксама займаўся беларускімі справамі. Акт 25-га сакавіка дае менавіта тое эмацыйна-псіхалагічнае пачуццё, што мы не горшыя.
Паводле Ярасалава Іванюка, ініцыятара праекта “Наша памяць”, які мае на мэце ўшанаванне ахвяраў пацыфікацыі беларускіх вёсак узброеным польскім падполлем, рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы дапамозе шматлікіх асобаў:
– Я лічу, што гэта ўзнагарода ўсім тым, хто далучыўся да праекта „Наша памяць”. Гэта прафесар Алег Латышонак, Юры Каліна, Валянціна Лаеўская, Эва Мароз-Качыньска і шмат-шмат іншых. Я вельмі сардэчна дзякую за тое, што наша памяць пра гэтыя трагічныя падзеі 1946 года гуртуе беларусаў Беласточчыны.
Падчас урачыстай часткі адбылося ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў тром асобам, якія паводле аргкамітэту найбольш адзначыліся за мінулы год на ніве беларушчыны. Букеты атрымалі Яраслаў Іванюк за акцыю „Наша памяць”, Ганна Фёнік за фальклёрную дзейнасць (у яе адсутнасць кветкі прыняў Тамаш Суліма) і Янка Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы ў Гайнаўскім беларускім ліцэі за 20 гадоў правядзення конкурсу „Беларуская гавэнда”.
Акрамя лаўрэатаў адмысловым букетам быў адзначаны Віктар Швед, якому 23 сакавіка споўнілася 94 гады.
Галоўная частка мерапрыемства пачалася а 15-ай гадзіне ў клубе “Zmiana Klimatu”, дзе выступіць беларускі творца Андрэй Мельнікаў:
– 24-га сакавіка, у нядзелю, запрашаю, далучаюся да запрашэнняў у клуб “Zmiana Klimatu” на адзначэнне беларускага Дня Волі. Прыходзьце, сядайце, слухайце, дапамагайце.
Традыцыйна ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся з набажэнства, якое прайшло ў царкве святога Яна Тэолага, падчас якога маліліся за беларускі народ.
Жыхары Беластока сустрэліся ў царкве святога Яна Тэолага, каб адзначыць 101-ю гадавіну БНР. Гэта ўжо восьмы раз, калі беластачане такім чынам адзначаюць Дзень Волі. Святочную багаслужбу і малебен за беларускі народ правёў айцец Андрэй Кузьма:
– Святкаванне звязана з нашай культурай – духоўнай, а таксама свецкай. Гэта вывучэнне мовы, гісторыі, жыцця беларусаў на Падляшшы. Я думаю, што мы перш за ўсё глядзім на сябе, на наш падворак, на наша Падляшша, дзе жылі нашы дзяды.
Беларускае Радыё Рацыя
* * * Арганізацыйны камітэт святкавання сто першай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі сардэчна запрашае на ўрачыстыя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў нядзелю 24 сакавіка 2019 года ў Беластоку.
У праграме:
10:00 Царква св. Яна Тэолага, вул. Збігнева Герберта 1
• Святая літургія і малебен за беларускі народ
15:00 Кафэ „Zmiana Klimatu”, вул. Варшаўская 6
• урачыстыя віншаванні • канцэрт Андрэя Мельнікавa
* * *
Зварот Івонкі Сурвіллы да беларусаў Беласточчыны
РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
Віншаваньне з Днём Волі
Дарагія мае суродзічы-беларусы на Беласточчыне!
У гэты першы Дзень Волі другога стагодзьдзя нашай Рэспублікі хочу падзяліцца з вамі маім захапленьнем: нягледзячы на ўсе зьдзекі, на фізычнае нішчэньне найлепшых сыноў і дачок нашага народу, на прапаганду, якая прадаўжаецца да сёньня; нягледзячы на стараньне ворагаў, каб сьцерці наш край з паверхні Зямлі – мы выжылі!
Беларусь – жыве!
Другое стагодзьдзе нашай сучаснай дзяржавы пачалося, нажаль, узмоцненай прапагандысцкай атакай супраць яе. Але за апошнюю чверць стагодзьдзя беларусы навучыліся разважаць іншымі катэгорыямі і ведаюць розьніцу між воляй і рабствам.
Многія беларусы, перадусім з маладога пакаленьня, на свае вочы пабачылі, як заможна жывуць нават маленькія дзяржавы, якія не заўсёды маюць прыродныя багацтвы, але якія маюць таленавітае і працавітае грамадзтва, якое супольна працуе на дабрабыт свайго народу.
Беларускай моладзі ня трэба даказваць, што супольнасьць пасьпяховых, адукаваных і вольных грамадзянаў – гэта самы важны рэсурс краіны. Спатканьні мае з маладымі беларусамі напаўняюць сэрца радасьцю: гэта золата, якое мы павінны цаніць.
Дык зьвяртаюся сёньня перад усім да Вас, мае дарагія маладыя сябры! Бо Вы здольныя выратаваць наш край ад новай няволі. Вы разумееце пачуцьцё годнасьці вольнага чалавека. Вы ведаеце, хто Вы!
Віншую ўсіх Вас, мае дарагія суродзічы, асабіста і ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з новым, другім стагодзьдзем ад абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і жадаю, каб змаганьне за волю было плённым і пераможным!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР Сакавік 2019 г.
* * *
Зварот Івонкі Сурвіллы з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР: