Няма горш, як чакаць і даганяць…
Няўдзячная справа – чакаць! Ці то вясну, ці то замоўлены тавар.
Усё больш з’яўляецца гісторый у Беларусі, калі чалавек замаўляе штосьці, падпісвае дамову, выплочвае аванс і… Працягвае чакаць, атрымліваючы тузін абяцанак замест кампутарнай тэхнікі, мэблі, дзвярэй або яшчэ чагосьці ў гаспадарцы вельмі патрэбнага. Паступова такі “бізнэс” перацякае з гарадоў у вёскі, што ўплывае на асартымент. Так у Маладзечанскі РАУС звярнулася па дапамогу жыхарка вёскі Лебедзева.
Спадарыня не круты айфон замовіла – сена! Дзевяць рулонаў. Усё цывільна: жанчына дамову падпісала, перадаплату аддала, але корму свойскай жывёле так і не дачакалася. Аб’яву пра продаж сена пацярпелая знайшла ў сеціве. Патэлефанавала. Ёй сказалі пра перадаплату (240 рублёў) і дамову – пагадзілася. Маўляў, ад вас аўтограф і грошы, а мы сена падкінем праз тры дні… Завітаў прадстаўнік фірмы. Усё прыгожа аформілі і таварны чэк спадарыні аддалі.
На справе аказалася, што выдуманыя гарадскія “прадпрымальнікі” – сужэнцы-махляры з Віцебска – спампавалі ўсе паперы ў сеціве, раздрукавалі і вырашылі падзарабіць на вясковых. Проста знайшлі паперы рэальна працуючага індывідуальнага прадпрымальніка, які зусім іншымі рэчамі займаецца і дачынення да справы не мае. “Пазычылі” бланкі замоваў на сайце яго інтэрнэт-крамы. І яшчэ пару рэчаў. Справа тэхнікі.
Што маем у выніку? Першая жанчына сена так і не дачакалася. Другую чакае суд і да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Кожнаму сваё…