Аляксандра Брыгінца дэпартавалі з Беларусі (абноўлена)



0000036621-briginec

Затрыманага ўчора ўвечары ў менскім аэрапорце Аляксандра Брыгінца дэпартавалі з Беларусі.

Ён вылецеў у Кіеў самалётам авіякампаніі «Белавія» а 8.25.

«У суправаджэнні памежніка мяне транспартуюць да самалёта, праз гадзіну з нечым буду ў Кіеве. Падобна на тое, наступным разам я прыеду ў Расею і Беларусь, калі падзе рэжым Пуціна. Таксама маю асабістую зацікаўленасць», –напісаў Аляксандр Брыгінец на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Дэпутат прыбыў у Менск рэйсам з Кіева 16 ліпеня а 20.59 у складзе афіцыйнай дэлегацыі дэпутатаў і праваабаронцаў, якая накіроўвалася ў Варонеж праз Менск і Маскву. Ноч Брыгінец правёў у транзітнай зоне менскага аэрапорта, не маючы магчымасці свабодна па ёй перасоўвацца. Дэпутата наведаў консул украінскай амбасады ў Менску.

* * *

Народны дэпутат Украіны Аляксандр Брыгінец затрыманы ў аэрапорце Менска. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Зараз Брыгінец знаходзіцца пад вартай у транзітнай зоне беларускага аэрапорта.

“Сяджу пад арыштам з двума грамадзянамі Грузіі. Ля ўваходу — капітан з дубінкай. Тут ёсць тэлевізар, канапы і туалет. Мяне не пусцілі на тэрыторыю Беларусі. Прычыны няясныя. Ніколі нічога дрэннага не рабіў і не казаў пра Беларусь, таму ўчынак Лукашэнкі для мяне дзіўны,” — піша Брыгінец.

Аляксандр Брыгінец адзначае, што ў складзе дэлегацыі ехаў да расейскага Варонежа, каб назіраць за справай захопленай сепаратыстамі і перададзенай у Расею ўкраінскай ваеннай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

Па паведамленні Фонду «Адкрыты дыялог», Аляксандр Брыгінец ехаў з Кіева ў Маскву ў складзе афіцыйнай дэлегацыі парламентароў і праваабаронцаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота trust.ua