Берасцейская пракуратура – на баку дэпутатаў
Парушэнняў у дзейнасці дэпутатаў мясцовых саветаў не знайшла берасцейская пракуратура. Пратэрмінаванне адказаў і іх адсутнасць на запыты грамадзян яна палічыла неістотным. Актывісты грамадскай ініцыятывы ’’Сацыяльны офіс’’ у сваіх лістах прасілі народных абраннікаў даць адказ на пытанне, дзе, калі і ў якой форме яны зрабілі справаздачу перад сваімі выбаршчыкамі. Яны карысталіся Законам ’’Аб звароце грамадзян’’. З амаль чатырох дзясяткаў дэпутатаў са спазненнем адказалі толькі 16. Актывіст ’’Сацыяльна офісу’’ Юры Жыдовіч не згодны з адказам пракуратуры, паколькі лічыць, што яны няправільна тлумачаць нормы законаў:
– Пракурор памыляецца, ён не мае рацыі. У сваім адказе кіруецца нормамі закона аб статуце дэпутатаў, але ёсць яшчэ адзін закон – аб зваротах грамадзян. Паводле апошняга, калі мы звяртаемся да дэпутата, ён павінен адказваць нам. Я таксама мяркую, што марудныя адказы дэпутатаў на нашыя пытанні справакаваныя менавіта такой рэакцыяй пракурора на наш запыт.
У адпаведнасці з артыкулам 18 закона Рэспублікі Беларусь ”Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў” формамі дзейнасці дэпутата Савета з’яўляецца разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб дэпутатам Савета ў выбарчай акрузе, адзначана ў адказе. Дарадчык юстыцыі зрабіў выснову, што, ”зыходзячы з гэтай нормы Закона, дэпутат пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў разглядае толькі звароты грамадзян, якія непасрэдна тычацца дзейнасці дэпутата ў выбарчай акрузе”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота severinform.ru