Актывісты Legalize Belarus правялі акцыю салідарнасці ў глухім лесе



Увечары 14 сакавіка актывісты кампаніі Legalize Belarus выйшлі ў лес, каб прадэманстраваць плакаты з «экстрэмісцкім» зместам у падтрымку тых, хто падвяргаецца адміністрацыйнаму пераследу па артыкуле 17.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуючай такую дзейнасць»).

У прыватнасці, на плакатах можна пабачыць адсылкі да відэафайлу «Без названия», графічным файлам «Vr3pVg67J8c» і «mPQGJNVPBbw», тэкстам «А.С.А.В» і «CLASS WAR», а таксама да выявы памерам 594×840 мм, якая ўтрымлівае копію фотаздымку, на якім на пярэднім плане нахілены чырвоны вазок з навозам і плакатам, працятым віламі. Усе гэтыя матэрыялы прызнаныя экстрэміцскімі і змешчаныя ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

За апошнія паўгады Вячаслаў Касінераў пакараны 2 штрафамі  агулам на 95 базавых велічыняў за тое, што змясціў на ўласнай старонцы ў Facebook свой фотаздымак у шапцы з надпісам «CLASS WAR». Марына Касінерава пакарана штрафамі агульнай сумай у 70 базавых велічыняў за рэпосты гэтых здымкаў.

У пачатку сакавіка Мікола Дзядок пакараны штрафам у 50 базавых велічыняў за тое, што змясціў на сваёй старонцы фота налепкі, на якой быў надпіс «A.C.A.B.». Бліжэйшым часам у Гомлі і Рагачове пройдуць суды за рэпосты артыкулаў «Что делать, когда вас загоняют в БРСМ. Советы анархистов» і «Спецназовец из Слуцка до смерти забил двухлетнюю дочь».

«Свабода слова — фундаментальнае, і, магчыма, галоўнае нашае права, ад наяўнасці якога залежыць магчымасьць рэалізацыі іншых грамадзянскіх правоў і свабодаў. Працэсы па артыкуле 17.11 — гэта безпадстаўны гвалт дзяржавы супраць асобы. Падобнае недапушчальна ў цывілізаваным грамадстве і мы павінны быць салідарнымі з кожным чалавекам, які падвяргаецца такім палітычным рэпрэсіям», — кажа Пётр Маркелаў.

Нагадаем, што вэб-сайт асветніцка-адвакацыйнай грамадскай кампаніі Legalize Belarus быў заблакаваны ў траўні 2018 году нібыта за «прапаганду спажывання марыхуаны». 21 сакавіка 2019 ў Менскім гарадскім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3) адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі на дзеяньні Міністэрства інфармацыі. Пачатак а 11:00.