ІП патрабуюць скасаваць абмежаванне па аплаце тавару наяўнымі за мяжой



У Адміністрацыю прэзідэнта, а  таксама ва ўрад і Нацыянальны банк аб’яднанне беларускіх  індывідуальных прадпрымальнікаў «Перспектыва” накіравала зварот.

Прадпрымальнікі заклікаюць ўнесці карэктывы ў пастанову рэгулятара № 612. Дакумент уступіў у сілу 1 сакавіка. Згодна з пастановай, абмежаваная колькасць выпадкаў выкарыстання замежнай валюты пры разліках кампаній (арганізацый, ІП), якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Беларусі. Адзначае старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка:

– Яны афіцыйна каментавалі ў СМІ, што такім чынам яны змагаюцца з шэрымі схемамі і кантрабандай. Мы заклікаем выправіць памылку Нацбанка, тэрмінова ўнесці змены з тым, каб прадпрымальнікі як і ранней маглі працаваць і за наяўныя купляць за мяжой тавары ў сілу спецыфікі іх работы. Вось гэта нашае асноўнае патрабаванне.

Па словах Анатоля Шумчанкі, ужо ёсць прэцэдэнты, калі беларускія прадпрымальнікі мелі праблемы з-за пастановы Нацбанка:

– Нам пісалі прадпрымальнікі, што яны займаюцца продажам садавіны і гародніны. У Польшчы яны загрузілі тавар, каб ужо ехаць у Беларусь, але ў гэты момант ім патэлефанавалі з беларускага боку і сказалі, што яны не маюць права, бо ім забаронена за наяўны разлік праводзіць аперацыі. Вось так гэта адбіваецца на нашых гандлёвых адносінах нават з нашай суседкай Польшчай.

Адзін з пунктаў дакумента адмяніў права ІП плаціць валютай за набытыя за мяжой тавары, то бок, за імпартаваную прадукцыю.

Аб’яднанне „Перспектыва” заклікае вярнуць прадпрымальнікам права разлічвацца наяўнай валютай за набытыя тавары па-за межамі Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя