У Беларусі – пастаяннае скарачэнне работнікаў
У Беларусі ідзе пастаяннае скарачэнне работнікаў з беларускіх устаноў і прадпрыемстваў. Асабліва катастрафічна страціць працу ў больш сталым узросце пры адсутнасці сацыяльна-эканамічнай падтрымкі ад дзяржавы. Больш маладыя і здаровыя без бунтаў і пратэстаў з’язджаюць з краіны. А калі табе, да прыкладу, 56 і пачынае падводзіць здароўе, то сітуацыя патавая, гаворыць былы служачы банка Алег Іванавіч, якому пашчасціла ўладкавацца рабочым:
– Кожны наймальнік, валодаючы сітуацыяй на рынку працы, ведае: навошта яму браць 56-гадовага, калі ў яго чарга з 30-гадовых стаіць. Адпаведна і заробак прапануюць 400-450 рублёў, і людзі згаджаюцца, бо выйсця няма. Цяпер я ўладкаваўся на адным з прадпрыемстваў, што было няпростым, звычайным рабочым. Сказаць, што было няцяжка – я схлушу.
Паводле Алега Іванавіча, перавучвацца на больш-менш запатрабаваную работу можна толькі за свае грошы, з якімі ў тых, хто страціў працу, праблемы. Пошукі працы кладуцца на плечы саміх беспрацоўных, нават калі вы стаіце на біржы па беспрацоўі.
Пры працоўным стажы 39 гадоў і з вышэйшай адукацыяй адчуваеш сябе непатрэбным, выжатым і выкінутым. А мяняць краіну ў такім узросце, пачынаць усё з нуля ўжо пазнавата.
Беларускае Радыё Рацыя