У Кіеве ля амбасады РФ адкрылі сквер імя Нямцова
Мэр Кіева Віталь Клічко ў пятніцу адкрыў ва ўкраінскай сталіцы сквер імя Барыса Нямцова, забітага ў Маскве ў 2015 годзе, паведамляе 15 сакавіка DW. Рашэнне стварыць такое месца памяці прыняла гарадская рада Кіева.
“Сёння мы ў украінскай сталіцы адкрываем сквер імя вялікага сябра Украіны, знакамітага расейскага палітыка-апазіцыянера Барыса Нямцова. Нямцоў часта бываў ва Украіне і любіў Украіну”, — сказаў Клічко ў час цырымоніі адкрыцця.
Зялёная зона знаходзіцца побач з пасольствам РФ – на рагу вуліцы Сурыкава і Паветранафлоцкага праспекту.
„Нямцоў жорстка крытыкаваў дзеянні Расеі ва Украіне, абмяркоўваў анексію Крыму, заяўляў пра прысутнасць расейскіх ваенных на Данбасе. Ён быў чалавекам, які падтрымліваў і перажываў за нашу краіну, які хацеў Украіне поспеху”, — адзначыў мэр Кіева.
Перайменаваны сквер і мемарыяльную шыльду адкрывалі з удзелам дачкі расейскага палітыка Жанны Нямцовай, якая з’яўляецца заснавальніцай Фонда імя Барыса Нямцова.
У жніўні мінулага года побач з пасольствам Расеі ў Вільні адкрыўся сквер імя Барыса Нямцова.
Беларускае Радыё Рацыя