Віталь Рымашэўскі: Пасол Бабіч павінен быць высланы з Беларусі



Пасол Расеі Міхаіл Бабіч павінен быць неадкладна высланы з Беларусі, заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Палітык падтрымаў ацэнку беларускага МЗС у дачыненні да дзеянняў і выказванняў Бабіча.

„Маскоўскім хамам не месца на беларускай зямлі! Цалкам згодны з ацэнкай беларускага МЗС у дачыненні да дзеянняў і выказванняў расейскага пасла. Бабіч сапраўды пастаянна паводзіць сябе тут, як намеснік цара на акупаванай тэрыторыі. Такая пазіцыя ніяк не спрыяе нармальным адносінам паміж Беларуссю і Расеяй. Лічу, што ён ужо дастаткова зрабіў заяў, якія не дазваляюць яму далей знаходзіцца ў Беларусі. Бабіч павінен быць неадкладна высланы з краіны”, — прыводзіць меркаванне Рымашэўскага прэс-служба БХД.

Як паведамлялася, у апублікаваным 14 сакавіка інтэрв’ю Бабіч заявіў, што Беларусі і Расеі „трэба перастаць абменьвацца ўзаемнымі папрокамі, абвінавачаннямі, часта недарэчнымі, і выпрацаваць рашэнне” наконт далейшай інтэграцыі. Ён адзначыў, што кіраўніцтву Беларусі „не трэба вучыць Расею і яе ўрад, як жыць, тым больш што жадаючых у свеце і так хапае”.

Сёння беларускае МЗС адрэагавала на гэта інтэрв’ю пасла Расеі. Прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз рэзка раскрытыкаваў шэраг выказванняў дыпламата. Паводле яго слоў, Бабіч „проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай”.

У адказ расейскі пасол, які знаходзіцца ў рабочай паездцы ў Віцебск, заявіў, што РФ спакойна рэагуе на каментары МЗС Беларусі. Паводле яго слоў, выпрацаваныя рашэнні па далейшай інтэграцыі „трэба яшчэ эфектыўна рэалізаваць”. „А ўсё астатняе, вось гэтая балбатня, мае месца быць. Мы вельмі спакойна да яе ставімся”, — заявіў дыпламат.

БелаПАН

Фота Ігара Мацвеева