Парыж: пратэсты „жоўтых камізэлек” радыкалізаваліся



З’явіліся новыя звесткі пра колькасць затрыманых. Як паведаміла Le Monde, у Парыжы паліцыянты затрымалі і завезлі ў пастарункі 151 чалавека. Дзясяткі чалавек цягам дня былі паранены, сярод іх 27 дэманстрантаў і 17 супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. Траўмаваны таксама адзін пажарны. 

***

На Елісейскіх палях у Парыжы, дзе праходзіла акцыя „жоўтых камізэлек”, разгромлены вітрыны прэстыжных крамаў ведамых брэндаў, разрабаваны рэстараны, выгарала некалькі газетных кіёскаў, быў падпалены адзін з будынкаў.

Больш 82 чалавек затрыманыя, 11 чалавек лёгка паранены.

***

Удзельнікі шэсця сталі наступаць на ахоўнікаў парадку ў раёне плошчы Тэрн. У адказ сілавікі паспрабавалі разагнаць натоўп слёзацечным газам.

Людзі працягнулі ісці ад плошчы Зоркі каля Трыумфальнай аркі. Пратэстоўцы палілі пластыкавыя бакі для смецця, ламалі гарадскія электрычныя самакаты, кідалі петарды.

16 сакавіка ў Парыжы праходзіць ужо 18-я пратэстная акцыя так званых „жоўтых камізэлек”. Яе адрозненне ад папярэдніх у тым, што дзеянні пратэстоўцаў значна радыкалізаваліся.

Акцыя пратэсту адзначана новай хваляй гвалту. Пасля двух месяцаў, калі суботнія выступы супраціўнікаў рэформ Эмануэля Макрона сталі ўжо традыцыйнымі, калі яны праходзілі параўнальна мірна і з невялікай колькасцю затрыманняў, сёння ў паліцэйскіх зноў паляцелі камяні, а сілавікі ў адказ запусцілі вадамёты.

Колькасць затрыманых у Парыжы цягам акцыі пратэсту на 17.30 беларускага часу паводле афіцыйных звестак склала 64 чалавекі. Усяго ў маніфестацыях бяруць удзел больш 7 тысяч дэманстрантаў.

Беларускае Радыё Рацыя