Указам кіраўніка краіны ўдакладнены межы трох абласцей



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 104 „Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей”.

Межы гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак былі ўсталяваныя больш за 60 гадоў таму, у 1950-я гады, графічным спосабам на аснове наяўнага тады картаграфічнага матэрыялу, тлумачыць прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

„З цягам часу з-за меліярацыйных і іншых работ, будаўніцтва аб’ектаў транспартнай інфраструктуры межы перасталі супадаць з цвёрдымі контурамі мясцовасці (рэкамі, меліярацыйнымі каналамі, дарожнай сеткай, ляснымі масівамі, прасекамі і іншымі)”, — паведамляе прэс-служба.

Указ прадугледжвае ўсталяванне з 1 снежня 2019 года межаў Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай абласцей, іх раёнаў і горада Жодзіна, ажыццяўленне рэгістрацыі і ўліку змен адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання абласцей, раёнаў, сельсаветаў ў Адзіным рэестры адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Межы Берасцейскай вобласці і яе раёнаў, якія супадаюць з Дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь з Украінай, будуць змененыя пасля завяршэння дэмаркацыі.

Адпаведныя змены ўнясуць у Адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй і Рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь цэнтралізавана ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія прадугледжваюцца Дзяржкаммаёмасці на маёмасныя адносіны, картаграфію і геадэзію.

За выдачу (афармленне) дакумента, якi сведчыць права на зямельны ўчастак, пошліна спаганяцца не будзе. Да памеру платы за дзяржаўную рэгістрацыю зямельных участкаў, правоў, абмежаванняў (абцяжаранняў) правоў на іх і ўнясенне выпраўленняў у дакументы рэгістра нерухомасці, а таксама да тарыфаў на паслугі па падрыхтоўцы звестак для дзяржаўнай рэгістрацыі і ўнясення выпраўленняў ўсталююць паніжальныя каэфіцыенты.

Грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вызваленыя ад платы за ўнясенне зменаў у дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра адрас. Дзеянне дагавораў арэнды зямельных участкаў, межы якіх змяняюцца, захоўваюцца да спынення тэрміну арэнды, адзначаецца ў паведамленні.

БелаПАН

Фота: kp.by