Мікола Салянік: Студэнты-юрысты павінны ведаць як парушаюцца сёння законы
Прапанову, каб будучым юрыстам залічвалася ў практыку наведванне адміністрацыйных працэсаў над грамадскімі актывістамі, незалежнымі журналістамі, палітычнымі дзеячамі, на якіх аказваецца штрафны і арэстны ціск з боку ўладаў, звярнуліся сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Зварот да кіраўніцтва Купалаўскага ўніверсітэту занёс Мікола Салянік, старшыня абласной арганізацыі АГП.
– Гэтая сістэма павінна знікнуць, якая існуе сёння ў нас ў дзяржаве. А гэтыя студэнты будуць працаваць у другіх умовах. І будуць выконваць другія законы. А таму яны павінны ведаць, як парушаюцца сёння правы чалавека, як не выконваецца Канстытуцыя, як дзейнічае не закон, а тэлефанаванне.
На колькі разбягаецца літара закона і справа яго выканання могуць даведацца студэнты юрыдычнага факультэту ўжо падчас практыкі ў судах Гародні пры назіранні за палітычнымі працэсамі.
Цяпер, пасля рэгістрацыі звароту ў рэктараце, сябры партыі чакаюць адказу па сутнасці, згодна з законам аб звароце грамадзянаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя