Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў сышоў у адстаўку



„Я прыняў рашэнне спыніць свае паўнамоцтвы ў якасці прэзідэнта”, – сказаў Нурсултан Назарбаеў, выступаючы са зваротам да народа Казахстана ў эфіры рэспубліканскіх тэлеканалаў.

„У гэтым годзе споўніцца 30 гадоў, як я займаю самы высокі пост. Народ даў мне магчымасць быць першым прэзідэнтам незалежнага Казахстана”, – сказаў ён.

Выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы будзе старшыня сената парламента Казахстана Касым-Жомарт Такаеў.

Нурсултан Назарбаеў, якому ў гэтым годзе споўніцца 79 гадоў, – першы і адзіны прэзідэнт Казахстана. З 1991 года, калі рэспубліка набыла суверэнітэт, некалькі разоў перамагаў на выбарах кіраўніка дзяржавы, апошні раз (на пазачарговых выбарах) – у красавіку 2015 года, набраўшы 97,75% галасоў выбаршчыкаў. Цяперашні тэрмін яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў заканчваецца ў красавіку 2020 года.

У 2007 годзе парламент даў яму як першаму прэзідэнту права балатавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду неабмежаваную колькасць разоў.

interfax.ru

Фота: ТАСС