Знайсці сябе ў архівах
20 сакавіка 2019 сустрэла ў Вільні даследчыка Анатоля Сідарэвіча, ён працуе ў Вільні з газетамі міжваеннага перыяду, якіх няма ў Менску.
Пагаварылі пра архіўныя дакументы, пра тое, як яны знікаюць бывае.
А часам – вяртаюцца амаль з нябыту.
Неверагодныя гісторыі – як дакумент, дзённік і сведчанне можа знікнуць і зноў з’явіцца, а можа знікнуць назаўжды, праз нядбайнасць, альбо праз чалавека, які хоча схаваць праўду.
Згадалі і пра архіў Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”, які неверагодным чынам знік у Музеі Гісторыі Беларускай літаратуры ў Менску.
Ды што тут казаць – страшна бывае зазірнуць у свае ўласныя дзённікі і лісты.
Пачала пісаць успаміны пра Літаратурны музей Максіма Багдановіча – глянеш на сшытак з дзённікавымі запісамі за 1990 год – і ніякавата.
Возьмеш канверт з лістом, напісаным ўласнай рукой, канверт ускрыты ўжо даўно, а чытаць саму сябе з мінулага – няёмка.
Летам 1992 года тры супрацоўніцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча сабраліся з Менску ў Вільню: Вера Мікута, Таня Равяка і я.
Камандыроўка тычылася стварэння экспазіцыі ў вёсцы Ракуцёўшчыне, дзе па запрашэнні братоў Луцкевічаў правёў лета 1911 года Максім Багдановіч.
У Вільні трэба было сустрэцца з Лявонам Антонавічам Луцкевічам. Запісаць і удакладніць дэталі сядзібы – на падставе гэтых успамінаў пасля быў напісаны артыкул „Шлях да Ракуцёўшчыны”. Наведаць віленскіх беларусаў.
Для Веры Мікуты – навуковай супрацоўніцы, якая так шмат зрабіла для музея, што і вымераць цяжка, вандроўка была развітаннем з Вільняй. Вера страціла зрок і ўжо збіралася звальняцца з музея і – у манастыр у Полацк.
Пайшла я ў бухгалтэрыю ў Аб’яднанне Літаратурных музеяў за камандыровачнымі. А там бухгалтарка, яна увесь час тапкі вязала – прыгожыя, кажа мне: „Это же надо, чтобы музей в деревушке какой-то открыть – аж три человека в столицу соседнего государства едет”.