У Бельску Падляшскім пройдзе алімпіяда па беларускай мове



21 вучань прыме ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове, якая пройдзе 21 сакавіка ў II агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. 

Мы падрыхтавалі пэўныя неспадзяванкі, кажа дырэктар ліцэю Андрэй Стэпанюк:

– Яна будзе адбывацца ў святочнай атмасферы. Гэта цэнтральны этап алімпіяды ў якім возьме ўдзел 21 вучань, з нашага ліцэю 13 вучняў, здаецца 7 вучняў з Гайнаўкі, ёсць таксама вучань паланійнага ліцэю ў Варшаве, які прайшоў этапы, што адбываліся дагэтуль. Ён таксама знаходзіцца сярод тых найлепшых, якія  возьмуць удзел у фінальным этапе.

У гэтым годзе сярод удзельнікаў алімпіяды няма вучняў з Беластока. 25 гадоў таму кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, якую тады ачольваў прафесар Аляксандар Баршчэўскі, арганізавала алімпіяду па беларускай мове ў Польшчы.

Пераможцы алімпіяды па беларускай мове маюць права без экзаменаў паступаць у шмат якія вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы па адпаведным гуманітарным профілі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя