Працягваецца збор сродкаў на Свята Незалежнасці ў Гародні



Збор сродкаў на дазволеную святочную акцыю ў Каложскім парку Гародні працягваецца. Патрэбна значная сума на пакрыццё разнастайных выдаткаў, якія ніколі на дазволеных акцыях не аплочваліся з бюджэту краіны.

Хоць міліцыя, медыцына, камунальнікі, электрасеткі існуюць за кошт падаткаплацельшчыкаў. Але новыя правілы вымагаюць дадатковых выдаткаў ад арганізатараў Дня Волі ў Гародні. Кажа Сяргей Верамеенка, уласнік крамы „Адметнасьць”, якая стала адной з пляцовак па зборы ахвяраванняў.

– Людзі прыносяць грошыкі: хто капейчыну, хто рубельчык, а хто і больш. Так што паціху збіраем. Я вельмі рады, што людзі неабыякавыя. І наш слоік паціху напаўняецца. У гэтым годзе, згодна з новымі правіламі, мы вымушаныя аплочваць і так бясплатную міліцыю. Ну што рабіць? Таму, хочам мы ці не хочам, сродкі нам трэба назбіраць. Актывісты  нашага грамадскага аргкамітэта будуць з намі падыходзіць да людзей і збіраць грошы ў скрыню.

Акрамя крамы „Адметнасьць”, сродкі для пакрыцця выдаткаў на святкаванне Дня Волі людзі могуць у этна-краме „Цудоўня” і „Цэнтры гарадскога жыцця”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня