Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Менску вырас удвая



У студзені—лютым 2019 года арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці ў Менску пабудавана 698 кватэр, вынікае з дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.

Уведзена ў эксплуатацыю 60,4 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што ў 2 разы больш, чым у студзені—лютым 2018 года. У лютым пабудавана 35,2 тыс. кв. м, што ў 2,8 разу больш, чым у лютым мінулага года, і на 80,5% менш, чым у студзені гэтага.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 22 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 36,4% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 17,7 тыс. кв. м (у 12,2 разу больш, чым у студзені—лютым 2018 года).

Прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака 11 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў. „Вы памятаеце, у старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. Менск — не гумовы. Ведаю, як менчукі гэта ўспрынялі. Яны падтрымліваюць такую тэндэнцыю”, — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН