Віталь Рымашэўскі: Паваленыя крыжы ў Курапатах – правакацыя ўладаў



Чарговы факт вандалізму ў Курапатах зафіксавалі актывісты, якія пікетуюць рэстаран «Поедем поедим» каля народнага мемарыялу. Паваленыя адразу 14 крыжоў, якія знаходзяцца кампактна ў двух месцах: паміж рэстаранам і мемарыяльным знакам  — помнікам Вацлаву Ластоўскаму. Каментуе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі:

Улада, безумоўна, пад шумок вырашыла зрабіць шэраг правакацый, зваліць крыжы ў Курапатах. Я лічу гэта наўмыснай правакацыяй беларускіх уладаў.

Паводле актывістаў, у народным мемарыяле больш за тысячу крыжоў. У лістападзе мінулага года ў Курапатах на ўзвышшы, празваным Галгофай, усталявалі афіцыйны мемарыяльны знак, які замовіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, а кантралявала працы Міністэрства культуры. Тым не менш, знак дагэтуль урачыста не адкрыты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя