Паўла Грыба Расея хоча засудзіць да 6 гадоў турмы



Расейскі бок абвінавачання запрошвае для ўкраінскага палітвязня Паўла Грыба пакаранне на 6 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе рэсурс „Громадське”.

Пракуроры прапаноўваюць лічыць тэрмін зняволення для Грыба з 25 жніўня 2017 года.

У судзе расейскага горада Растоў-на-Доне 21 сакавіка пачаліся дэбаты па справе ўкраінца. На паседжанні быў абвешчаны перапынак, таму што Грыбу выклікалі хуткую дапамогу.

Напомнім, што 24 жніўня 20-гадовы інвалід Павел Грыб, грамадзянін Украіны, быў выкрадзены 24 жніўня 2017 года ў Беларусі ў Гомелі і затрыманы расейскімі ўладамі без якіх-небудзь дакладных абвінавачванняў. Пра знікненне на тэрыторыі Беларусі Паўла Грыба заявіў 28 жніўня 2017 года яго бацька, чалец грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб.

Павел Грыб выправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі. Малады чалавек планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (Сочы).

Яршова пазней прызналася журналістам, што сустрэча была ініцыяваная ФСБ.

У верасні 2017 года прадстаўнік украінскага МЗС паведаміў, што зніклы ў Беларусі Павел Грыб знаходзіцца ў СІЗА Краснадара. У ліпені 2018 года ў Растове-на-Доне пачаўся судовы працэс над Грыбам. Ён сваю віну ў нібыта арганізацыі тэракту не прызнаў. Суд адправіў абвінавачвальнае заключэнне на дапрацоўку.

15 лістапада 2018 года суд паўторна пачаў разгляд справы. Грыб зноў заявіў пра сваю невінаватасць і адмовіўся даваць сведчанні.

18 снежня ўкраінскі лекар, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Прытула заявіў, што захворванне Грыба прагрэсуе і гэта крытычна небяспечна для яго жыцця.

На паседжанні 24 студзеня 2019 года Грыб сказаў, што яго паказанні, што ёсць у пратаколе за 2017 год, не адпавядаюць сапраўднасці і былі дадзены пад ціскам.

4 сакавіка на судзе выступіў лекар Васіль Прытула. Ён заявіў, што ў следчым ізалятары нельга ўтрымліваць чалавека з партальнай гіпертэнзіяй, паколькі ў такіх умовах немагчымая патрэбная тэрапія. Аднак усе заклікі доктара медыцынскіх навук не паспрыялі змене ўмоваў утрымання Паўла Грыба.

Беларускае Радыё Рацыя