Павел Белавус: На разборкі часу няма



Адзін з арганізатараў Дня Волі ў Гародні Павел Белавус патлумачыў, чаму перад святам трэба больш займацца рэльнай справай і меней – спрэчкамі і разборкамі.

РР: На свята ў Гародні сабрана каля 12 тысяч рублёў, але, мяркуючы па некаторых каментарах у сацыяльных сетках, тыя, хто ладзіць святочныя мерапрыемствы ў Менску ў Кіеўскім скверы, некалькі пакрыўджаныя, што вы не падзяліліся з імі сродкамі.

Павел Белавус: Па-першае, каб годна правесці свята ў Гародні, патрэбна каля 15 тысяч рублёў, таму пакуль да неабходнай сумы мы нават не дацягваем, хаця і спадзяемся, што ў апошнія дні збор сродкаў актывізуецца.

Па-другое, гэты збор яшчэ ў снежні мінулага году ініцыяваў асабіста я, і гэта мая персанальная адказнасць. У тым ліку і юрыдычная. Акрамя таго, мы вырашылі, што, калі дзяліць грошы на некалькі мерапрыемстваў, у якіх мы, да таго ж, не ўдзельнічаем, то гэта будзе выглядаць крыху дзіўна. І не атрымаецца нідзе годна адзначыць Дзень Волі. Лепш ужо зрабіць адно якаснае мерапрыемства.

РР: А не было ранейшай дамоўленасці размеркаваць сабраныя сродкі паміж рознымі мерапрыемствамі?

Павел Белавус: Раней мы заяўлялі, што сродкі пойдуць на годнае адзначэнне Дня Волі. І калі ў снежні запускалі праект па зборы грошай, казалі так: куды канкрэтна яны пойдуць, стане зразумелым пасля таго, як даведаемся пра месца правядзенне мерапрыемства. Мы разглядалі самыя розныя сцэнары і меркавалі нават, што наогул могуць не дазволіць святкаваць Дзень Волі. Тады б сабраныя грошы пайшлі на выпуск рознай агітацыйнай прадукцыі альбо запуск інфармацыйных кампаній.

Але, калі ёсць магчымасць зладзіць вялікае і годнае мерапрыемства, то сканцэнтруемся на гэтым. І пакуль ніхто з тых, хто пералічваў сродкі (а гэта больш за 500 чалавек) не папрасіў вярнуць грошы назад, бо, маўляў, не задаволены правядзеннем свята ў Гародні.

РР: Дык няма на вас крыўды з боку палітыкаў, якія арганізоўваць Дзень Волі ў Менску?

Павел Белавус: Нават не варта прысвячаць час на нейкія разборкі. Мы робім сваю справу так, як можам. А спрачацца і камусьці нешта даказваць не хочацца. Нас спрабуюць справакаваць на такія разборкі, але мы не адклікаемся.

Мы робім годныя грамадска-палітычныя мерапрыемствы, а не акцыі палітычных партый. Думаю, людзі ў першую чаргу ахвяравалі грошы менавіта на такое свята, якое ладзім мы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя