Якіх зменаў варта чакаць у Канстытуцыі?



Прэзідэнцкі тэрмін могуць павялічыць да 6-7 гадоў”, – лічыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Нагадаем, што не так даўно беларускі кіраўнік выказаўся з нагоды таго, што ў недалёкай будучыні магчымы змены ў Канстытуцыі. Якія яны будуць?

Міхаіл Пастухоў: Мяркую, можа быць два варыянты развіцця падзей па зменах у Канстытуцыі. Першы – унясенне паправак у дзеючую рэдакцыю. Другі варыянт – прымуць новую Канстытуцыю.

І гэта прынцыпова розныя падыходы. Калі папраўкі ў Асноўны закон проста падкарэктуюць яго, то прыняцце новай Канстытуцыі будзе азначаць новы этап канстытуцыйнага развіцця, і адлік паўнамоцтваў прэзідэнта могуць пачаць з нуля. А ўсё, што было да гэтага, як кажуць, пакінуць у гісторыі.

РР: Апошні варыянт задавальняе дзеючую ўладу?

Міхаіл Пастухоў: Безумоўна, хаця будзе выбудавана новая мадэль улады. Не выключана, дарэчы, што паўнамоцтвы прэзідэнты стануць меншымі, а таксама зменяць парадак яго абрання. Магчыма, абранне будзе ажыццяўляцца парламентам альбо іншым органам. Таксама магчыма, што прэзідэнцкі тэрмін павялічаць да 6-7 гадоў па прыкладзе некаторых іншых постсавецкіх рэспублік.

Што датычыцца зменаў у Выбарчым заканадаўстве, то можа адбыцца пераход да змешанай сістэмы, калі палова дэпутацкіх месцаў будзе размяркоўвацца па аднамандатных акругах, як раней, а палова – па партыйных спісах.

Могуць быць бонусы і для грамадзян – адмена смяротнага пакарання для таго, каб быць больш цывілізаваным у сучасным свеце, увядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, дададуць права грамадзян непасрэдна звяртацца ў суды (у тым ліку, і Канстытуцыйны). Можа быць, адбудуцца таксама змены адміністратыўна-тэрытарыяльнага ладу.

Але, як мне падаецца, галоўным пытаннем пры змене Канстытуцыі будзе пытанне трансфармацыі ўлады і размеркаванне яе паўнамоцтвам паміж прэзідэнтам, парламентам і ўрадам.

РР: Змены ў Канстытуцыі наспелі?

Міхаіл Пастухоў: Мяркую, што тая сітуацыя, якую мы зараз маем, патрабуе зменаў. І асабліва гэта датычыцца ролі прэзідэнта ў жыцці дзяржавы і грамадства. Жорсткая мадэль улады даўно састарэла і ў большай ступені нагадвае азіяцкі альбо архаічны спосаб улады, які быў характэрны для перыяду абсалютызму.

Таму, безумоўна, неабходна мадэрнізацыя сістэмы ўлады. Папраўкі ў Канстытуцыю ўносіць патрэбна, але пабачым, якія на самой справе яны будуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя