Чарговы раз адмовілі ва ўсталяванні памятнай дошкі БНР



Актывісты атрымалі чарговую адмову Мінгарвыканкама ва ўстаноўцы памятнай дошкі, вырабленай да 100-годдзя БНР, паведаміў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

У адказе паведамляецца, што гарадскія ўлады „з улікам неадназначнасці меркаванняў” лічаць „немэтазгоднай” на цяперашні момант устаноўку мемарыяльнай дошкі на будынку па вуліцы Валадарскага, 9.

Зварот да гарадскіх уладаў з просьбай устанавіць памятную дошку і правесці мітынг быў накіраваны 7 сакавіка ў адказ на адмову на заяўку правацэнтрысцкай кааліцыі аб правядзенні мітынгу 24 або 25 сакавіка каля опернага тэатра.

Зварот падпісалі кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, лідар руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Памятная дошка ў гонар 100-годдзя БНР была выраблена яшчэ год таму, сродкі на яе былі сабраныя ў інтэрнэце за некалькі гадзін. Мінгарвыканкам тады станоўча паставіўся да ідэі ўстаноўкі дошкі на будынку па вуліцы Валадарскага, дзе была абвешчаная БНР. Цырымонія планавалася 23 сакавіка 2018 года, аднак пасяджэнне прадстаўнікоў Мінгарвыканкама, якія афіцыйна павінны былі ўхваліць гэта рашэнне, было перанесена на нявызначаны тэрмін.

У канцы жніўня 2018 года БСДП (Грамада) накіравала ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай паскорыць працэс устаноўкі дошкі. Сталічная ўлада адказала, што гэта пытанне не вырашана, паколькі ў адрас гарадскіх уладаў „паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9”. Пры гэтым чыноўнікі адмовіліся паведаміць пра колькасць такіх грамадзян і арганізацый.

belapan.by