Дзярждэпартамент ЗША запатрабаваў вызваліць украінца Паўла Грыба



Расея павінна вызваліць украінскага палітвязня Паўла Грыба, якога засудзіла на 6 гадоў турмы. Пра гэта ў Twitter 23 сакавіка заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Роберт Паладзіна. 

„Мы абмяркоўваем расейскі прысуд і шасцігадовы тэрмін пазбаўлення волі ўкраінцу Паўлу Грыбу. Яго пераследуюць за супрацьдзеянне расейскай агрэсіі ва Ўкраіну. Мы занепакоены яго здароўем. Расея павінна неадкладна вярнуць яго ва Украіну”, – напісаў ён.

Напомнім, што 24 жніўня 20-гадовы інвалід Павел Грыб, грамадзянін Украіны, быў выкрадзены 24 жніўня 2017 года ў Беларусі ў Гомелі і затрыманы расейскімі ўладамі без якіх-небудзь дакладных абвінавачванняў.

Павел Грыб выправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі. Малады чалавек планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (Сочы).

Яршова пазней прызналася журналістам, што сустрэча была ініцыяваная ФСБ. У верасні 2017 года прадстаўнік украінскага МЗС паведаміў, што зніклы ў Беларусі Павел Грыб знаходзіцца ў СІЗА Краснадара.

У ліпені 2018 года ў Растове-на-Доне пачаўся судовы працэс над Грыбам. Ён сваю віну ў нібыта арганізацыі тэракту не прызнаў. Суд адправіў абвінавачвальнае заключэнне на дапрацоўку. 1

5 лістапада 2018 года суд паўторна пачаў разгляд справы. Грыб зноў заявіў пра сваю невінаватасць і адмовіўся даваць сведчанні.

18 снежня ўкраінскі лекар, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Прытула заявіў, што захворванне Грыба прагрэсуе і гэта крытычна небяспечна для яго жыцця. На паседжанні 24 студзеня 2019 года Грыб сказаў, што яго паказанні, што ёсць у пратаколе за 2017 год, не адпавядаюць сапраўднасці і былі дадзены пад ціскам.

21 сакавіка Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд пакараў  шасцю гадамі калоніі 19-гадовага грамадзяніна Украіны. Павел Грыб абвесціў пасля гэтага галадоўку. 

Беларускае Радыё Рацыя