Затрыманага Зміцера Дашкевіча будуць судзіць
У няпростай сітуацыі апынулася мінчанка Наста Дашкевіч пасля затрымання яе мужа, Змітра. Яна на трэцім трыместры цяжарнасці, вось-вось мае нарадзіцца дачка. І пры гэтым яна засталася адна з дваімі малымі дзецьмі.
Прадпрымальнікі і грамадскія лідары Дашкевічы гадуюць Мару, якой 4 гады і 9 месяцаў, і Давыда, якому 3 гады. Іх фірма па вырабе мэблі «Цесляры» была адным з галоўных фундатараў канцэрта на 100-годдзе БНР і вырабіла 70 крыжоў для мемарыялу ў Курапатах.
Насце цяпер дапамагае бацька, яе мама памерла, як і мама Змітра. Дзеці Дашкевічаў ужо ходзяць у садок. Дакладней, ездзяць: найбліжэйшы беларускамоўны садок знаходзіцца прыкладна за 10 кіламетраў ад месца іх жыхарства.
Змітра Дашкевіча затрымалі, пасля таго як на канцэрце на Дзень Волі, які прайшоў каля кінатэатра «Кіеў», ён выступіў з рэзкай прамовай. Ён з’едліва павіншаваў са святам нават душыцеляў свабоды і ворагаў незалежнасці. Ён таксама нагадаў пра злачынствы савецкага рэжыму.
«Гэта свята нават для іх — непрыхільнікаў пераменаў, — сказаў ён. — Гэта свята і для шунявак, і для «іхтамнетаў», і для прапагандыстаў, і нават для самазванца, — сказаў ён. — Бо каб не 25 Сакавіка і Незалежнасць, дзе б яны былі? У «Трэцім Рыме», у Маскве, у Мардоры?».
Далей Дашкевіч нагадаў, што большасць палітычных дзеячаў, якія ўваходзілі ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, былі забітыя камуністычным рэжымам. «Сёння гэтая нявінная кроў крычыць у Курапатах, дзе ламаюць крыжы, псуюць помнікі», — заявіў ён.
Дашкевіч прапанаваў узняць рукі тым, хто за апошні месяц быў у Курапатах. Паднялі рукі толькі некалькі чалавек. «Гэта ганьба ўсяго патрыятычнага руху, гэта наш боль»,— канстатаваў актывіст. Ён заклікаў усіх хадзіць у Курапаты.
«Голас крыві брата майго крычыць з зямлі», — нагадаў ён гэтыя словы з Бібліі пра гісторыю Каіна і Авеля.
Пасля 22:00 стала вядома, што Зміцер у Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна і, імаверна, у панядзелак будзе суд у Цэнтральным раёне (Кірава, 21).
Наша Ніва