Слонімцы – пра Дзень Волі ў Гародні
У Гародні ў Каложскім парку 23 сакавіка адбылося святкаванне Дня Волі. У ім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Было сярод іх і шмат слонімцаў.
Сваю думку пра свята пажадалі выказаць некалькі грамадскіх актывістаў са Слоніма.
Іван Бедка:
– Упершыню на свята Дня Волі ў Гародню мы даехалі без здарэнняў. На гэты раз нас не затрымалі пры выхадзе з дому і ў дарозе. Усё было спакойна і па плане. На свяце здзівіла тое, што ў Гародні, каб трапіць на мерапрыемства, патрэбна было прайсці вобшук. Але гэта не бяда. Бо на святкаванні ўсё было арганізавана вельмі добра. Выступалі вядомыя беларускія гурты з файнымі песнямі. Людзей на святкаванні было нечакана шмат. І вельмі многа нашых бел-чырвона-белых сцягоў. У шапіках прадавалі розную нацыянальную сімволіку. Мне вельмі спадабалася мерапрыемства і пра яго склалася добрае ўражанне. Такія святы і ўрачыстасці ніколі не забываюцца. Жыве Беларусь!
Алесь Масюк:
– У суботу, 23 сакавіка, разам з сябрамі і я быў ў Каложскім парку ў Гародні на свяце, прысвечанаму Дню Волі. Дзякуй Богу, што ў гэтым годзе, у адрозненні ад мінулага, мы змаглі трапіць на свята. У гэты раз міліцыя нікога не затрымлівала.
Добрае сонечнае надвор’е, беларуская музыка, шмат радасных твараў, мора бел-чырвона-белых нацыянальных сцягоў – такая святочная атмасфера была падчас святкавання ў Гародні 101-х угодкаў абвяшчэння БНР. Хачу сказаць, што са Слоніма на святкаванне прыехала каля дзесяці чалавек. Таму выказваю словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення Дня Волі ў Гародні.
Павел Севасцьян:
–На свяце ў Гародні адчуваў вялікую кансалідацыю беларусаў, бо былі там не толькі гарадзенцы, а людзі з іншых розных куткоў краіны. На свята прыходзілі сем’ямі, шмат прысутнічала моладзі, адчувалася вельмі дружная атмасфера. Такое маштабнае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню БНР, мне здаецца, на Гарадзеншчыне прайшло ўпершыню. І ўсе ўдзельнікі святкавання 101 –й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гародні разам падзялялі яе ідэалы. Вось такія святы трэба арганізоўваць паўсюль. І з нашай гісторыі 25 Сакавіка выкінуць немагчыма.
Беларускае Радыё Рацыя