Андрэй Мельнікаў: Трэба перастаць быць звяглівымі



Песні нашага госця ведаюць многія, хоць песня і гітара – гэта не асноўнае яго зацікаўленне.

 

На размову з госцем „Рацыі” запрашае Яна Запольская.

РР: Дзень Волі таксама ваша асабістае свята?

Андрэй Мельнікаў: Так, гэта свята. У Беларусі няма такога канфлікту, такой напружанасці паміж каталікамі і праваслаўнымі, таму для мяне гэта яшчэ і Дабравешчанне ў маіх братоў і сёстраў каталікоў.

РР: Якім вы хацелі б бачыць свята 25 сакавіка?

Андрэй Мельнікаў: Для мяне гэта працяг пэўнага ланцуга святаў. Калі браць самы пачатак, я цяпер жыву ў Менску, там беларусы прыйшлі да ўлады ў 1918 годзе ў ноч з 18 на 19 лютага, то бок яшчэ да таго, як была напісана Першая ўстаўная грамата. Так атрымалася што беларусам дасталася гэтая незалежнасць, бо бальшавікі ўцяклі. Трэба было браць адказнасць, і шэсць чалавек, якія збеглі з турмы, яны выбралі ваенкам Канстанціна Езавітава. Фактычна для мяне ўжо гэта свята. Быццам бы гэта ўжо самая першая ўстаўная грамата, яна тады была напісана, яе проста праз некалькі дзён апублікавалі. Потым 9 сакавіка таксама вельмі важны дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка паўсюль, дзе беларусы складаюць большасць. Напрыклад, у гэтым годзе я наведаў Вільню, мы былі на могілках Росы, на магіле Францішка Аляхновіча, Лявона Луцкевіча, на сімвалічнай магіле братоў Луцкевічаў, бо дзе пахаваны Антон Луцкевіч мы не ведаем на самой справе. 25 – гэта працяг гэтага ланцуга, калі Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана незалежнай і былі пазначаны яе межы. 25-га сакавіка 30-ць гадоў таму я напісаў вядомую ў пэўных колах песню „Казка”.

РР: Як глядзіце на тое, як адбываецца цяпер святкаванне ў Беларусі?

Андрэй Мельнікаў: На мой погляд, беларусы па сваёй ментальнасці індывідуалісты, як і балцкія народы: літоўцы, латышы, эстонцы. Эстонія для нас можа быць прыкладам. Галоўнае, у чым беларусы могуць паразумецца, там дзе могуць мець станоўчы плён, перастаць быць звяглівымі. Перастаць абражаць адно аднаго, хаця б на гэтым этапе. Калі яны перастануць абражаць, калі яны перастануць шукаць нейкіх дывідэнтаў менавіта ў прыніжэнні каго заўгодна, калі заўгодна, а пачнуць арыентавацца на станоўчае, тады будуць і яднаючыя рэчы, яднаючае святкаванне. Пакуль на сённяшні дзень самае нармальнае святкаванне – гэта святкаванне невялікім колам сяброў і добрых знаёмых. Мой асабісты падыход і мой асабісты вопыт, я не люблю натоўпаў, бо ў натоўпе чалавек перастае быць адказным. Мужчына павінен быць адказным, а натоўп дазваляе скідваць з сябе адказнасць.

РР: Вы цяпер жывяце ў Менску і працуеце ў музеі?

Андрэй Мельнікаў: У Музеі Багдановіча – гэта філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

РР: Наколькі гэтая праца дазваляе вам рэалізавацца?

Андрэй Мельнікаў: Сустрэчы з зацікаўленай аўдыторыяй. Можа гэта самы лепшы на сённяшні дзень варыянт. Калі арганізоўваюцца канцэрты, шчыра кажучы прыходзіць такая колькасць людзей, якіх можна сабраць у тым жа самым музеі ў якім я працую.

РР: Чаго вам не хапае ў жыцці на сёння?

Андрэй Мельнікаў: Я не задумваюся пра гэта. Зараз, калі шмат равеснікаў паўмірала, проста цешуся, што жывы, здольны, магу штосьці рабіць. Можа мне пашанцавала ў гэтым. Я мала задумваўся пра тое, чаго мне не хапае. Ёсць такое правіла з менеджмента, не вырашай праблему, а карыстайся магчымасцямі.

РР: Гітара надалей застаецца пастаянным спадарожнікам?

Андрэй Мельнікаў: Не, па магчымасці я б гітару не вазіў з сабой увогуле. Калі ёсць магчымасць, то я яе не вязу.

РР: А чаму?

Андрэй Мельнікаў: Адразу бачна, што вы гітару з сабой не возіце. У аўтамабілі мы сядзім за рулём, ці на ровары, а іншая справа штосьці цягнуць на сабе, нават такую рэч як гітара. Гітара хоць і не цяжкая, але тут іншая небяспека, можна чапануцца, можна яе пакалечыць.

РР: Што б вы пажадалі беларусам?

Андрэй Мельнікаў: Індывідуальны падыход патрэбны. Розным людзям у розны час патрэбна зусім рознае. Беларусы вельмі розныя, бо адному патрэбны спакой, а другому патрэбна, як кажуць у Беларусі „дзвіжуха”. У першую чаргу хацелася б пажадаць унутранай свабоды і не шукаць прычыну сваіх бедаў навокал.

 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя