У Дзень Волі ў Віцебску затрымалі Барыса Хамайду
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер выйшаў у цэнтр гораду не толькі з незалежнай прэсай, якую ён распаўсюджвае штодня, але й з невялічкім плакатам “Город Витебск – древний и нерусский».
Гэта цытата з твора Івана Буніна. Барыс Хамайда патлумачыў, навошта ў Дзень Волі ён вырашыў выйсці да землякоў са словамі рускага пісьменніка, лаўрэата Нобелейскай прэміі:
-Ведаеце, гэты “рускі мір” ужо абрыд! Яны ж крычаць крыкам :”Вось, Віцебск – гэта рускі горад, і мы ўсе імкнемся аб’яднацца з усходнім суседам”. А гэта не так. Віцебск ніколі не быў рускім горадам – і калі была першая беларуская дзяржава са сталіцай у Полацку, і потым, у Вялікім Княстве Літоўскім, і пазней.
Няшмат гараджан паспелі прачытаць словы Івана Буніна. Да Барыса Хамайды падышлі міліцыянты ў цывільным – двое мужчын і дзяўчына. Яны загадалі яму збірацца і выклікалі машыну, якая адвезла Барыса Хамайду ў райаддзел міліцыі Чыгуначнага раёну. Да слова, машына таксама была цывільнай, – пэўна, каб залішне не прыцягваць увагі мінакоў.
Паводле беларускага заканадаўства, затрыманага могуць трымаць у пастарунку да трох гадзінаў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск