Сапоцкін стане буйным турыстычным цэнтрам



На пасяджэнні беларуска-польскай рабочай групы па развіцці Аўгустоўскага канала, якое прайшло ў польскім Аўгустове, абмеркавалі план рэканструкцыі прыгранічнага шлюза Кужынец і наданне Сапоцкіну статусу турыстычнага цэнтра.

Узначаліў гарадзенскую дэлегацыю старшыня рабочай групы па развіцці Аўгустоўскага канала з беларускага боку намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

– Шлюз Кужынец – важная кропка трансгранічнага супрацоўніцтва. Мы выпрацавалі выразны план рамонтных прац, і цалкам сышліся ў меркаваннях з польскімі калегамі. Гэта вельмі важна, таму што шлюз знаходзіцца на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Таксама дасягнута дамоўленасць пра прэзентацыю Аўгустоўскага канала ў турыстычнай прасторы як агульным прадукце дзвюх краін, – адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Не менш важны пункт у развіцці турыстычнага патэнцыялу Аўгустоўскага канала – стварэнне буйнога пункта абслугоўвання турыстаў. Ім стане аграгарадок Сапоцкін, які фактычна з’яўляецца варотамі Аўгустоўскага канала.

– Сапоцкін стане своеасаблівым штабам па развіцці турызму. Тут будуць сканцэнтраваныя інфармацыйна-турыстычныя патокі, арганізаваны пункты пракату ровараў. У цэлым інфраструктура Сапоцкіна выйдзе абсалютна на новы ўзровень, – распавёў Алег Андрэйчык.

Акрамя гэтага на пасяджэнні абмеркавалі развіццё культурных аб’ектаў на Аўгустоўскім канале. На думку ўдзельнікаў рабочай групы, музеі павінны быць не проста сзборам артэфактаў. У іх работу неабходна абавязкова дадаваць лічбавыя тэхналогіі, выкарыстоўваць віртуальную рэальнасць.

grodnonews.by