Віталь Рымашэўскі заяўляе пра націск на яго сям’ю
Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі 25 сакавіка ў Менску заявіў пра тое, што на яго сям’ю аказваецца націск з боку праваахоўных органаў.
„Негатыўныя прагнозы ў дачыненні да персанальна маёй сям’і з боку рэжыму Лукашэнкі пацвердзіліся, — сказаў палітык. — Мой брат быў сёння ў Следчым камітэце, ён даў падпіску пра невыдаванне. Я не магу каментаваць, магу толькі сказаць, што гэта вельмі сур’ёзная справа”.
Рымашэўскі не стаў раскрываць якія-небудзь дэталі, паведаміўшы толькі тое, што стала вядома яго брату ад следчага да візіту ў СК — справа тычыцца забойства дзяўчыны ў Бабруйску ў 1989 годзе.
„Я адназначна расцэньваю гэта як націск праз маіх блізкіх на мяне асабіста. <…> Выклікаюць таксама ў Следчы камітэт мяне. Цяпер я ўжо ўпэўнены, што гэта абсалютна палітычная справа. Гэта было спецыяльна зроблена напярэдадні святкавання [Дня Волі] як пагроза мне асабіста. Мне падрабязнасці невядомыя, брат не можа цяпер распаўсюджваць інфармацыю. Калі я наведаю Следчы камітэт, я вам раскажу падрабязней пра ўсё”, — сказаў сустаршыня БХД.
Паводле слоў палітыка, ніхто з сям’і Рымашэўскіх у 1989 годзе „не пражываў у Бабруйску і не наведваў гэты горад”.
Ён паабяцаў паведамляць журналістам навіны па гэтай справе, якія тычацца яго асабіста.