ЗША папярэдзілі Расею наконт Венесуэлы
25 сакавіка дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа патэлефанаваў кіраўніку МЗС Расеі Сяргею Лаўрову з нагоды сітуацыі ў Венесуэле і заклікаў спыніць перакідванне расейскіх вайскоўцаў у гэтую краіну, паведаміў афіцыйны сайт Дзярждэпартамента ЗША.
„Дзяржсакратар Пампеа сказаў расейскаму міністру замежных спраў Лаўрову, што ЗША і краіны рэгіёна не будуць бяздзейнічаць, паколькі Расея абвастрае напругу ў Венесуэле”, – адзначылі ў Дзярждэпе.
Улады ЗША заклікалі Расею „спыніць неканструктыўныя паводзіны і далучыцца да іншых краін”, якія, па іх меркаванні, „дамагаюцца лепшай будучыні для народа Венесуэлы”.
„Далейшыя ўводзіны расейскага ваеннага патэнцыялу ў падтрымку незаконнага рэжыму Нікаласа Мадуры ў Венесуэле ствараюць рызыку працягу пакутаў венесуэльскага народу, які ў пераважнай бальшыні падтрымлівае часовага прэзідэнта Хуана Гуайдо”, – гаворыцца ў паведамленні.
23 сакавіка ў Венесуэлу ў міжнародны аэрапорт Майкеціі імя Сімона Балівара ў Каракасе прыбылі расейскія вайскоўцы. Яны, хутчэй усяго, застануцца ў сталіцы Венесуэлы, дзе будуць дзеіць у кантакце з венесуэльскім спецназам, арміяй і паліцыяй. Журналіст Хаўер Маёрка паведаміў, што групоўку з 100 расейскіх ваенных у Венесуэле ўзначальвае генерал Васілій Тонкашкур. Расейцы прыляцелі на самалёце Іл-62М. На іншым самалёце, Ан-124-100, у Каракас даставілі невядомы груз вагой 35 тон.
У Венесуэле працягваецца палітычны крызіс. Напомнім, што 10 студзеня бягучага году Нікалас Мадура, які нібыта набраў найбольш галасоў на выбарах 2018 года, склаў прысягу прэзідэнта. Але ўжо 15 студзеня апазіцыйны парламент прызнаў Мадуру ўзурпатарам.
23 студзеня кіраўнік парламенту Хуан Гуайдо абвесціў сябе часовым прэзідэнтам краіны.
ЗША, бальшыня краін Лацінскай Амерыкі і Еўразвязу прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам. Расея і яшчэ некалькі краін (Беларусь, Мексіка, Нікарагуа) выказалі падтрымку Мадуру.
Беларускае Радыё Рацыя