Сапсаванае ўладамі свята



Беларускія ўлады, відаць, думаюць, што святкаваць Дзень Волі трэба толькі раз на сто гадоў. То бок першы раз – калі абвясцілі дэкларацыю, другі раз – на стагоддзе. А ў наступны раз – ужо толькі на двухсотгоддзе можна нешта арганізаваць. Калі летась улады далі правесці святочны канцэрт у цэнтры Менска, то гэтым разам усіх адправілі падалей ад людзей. А тых музыкаў, што вырашылі выступіць у цэнтры сталіцы, затрымалі разам з інструментамі.

Калі гаворка ідзе пра Дзень Волі, то беларускія ўлады вядуць сябе аднолькава. Тут нават можна ўніверсітэты не заканчваць, каб спрагназаваць, што будуць рабіць улады на Дзень Волі. А іхнія дзеянні звычайна разгортваюцца ў двух накірунках. Па-першае, яны спрабуюць адправіць тых, хто святкуе, куды-небудзь на Бангалор. І, па-другое, канешне, затрымліваюць. Для беларускіх уладаў Дзень Волі без затрыманняў – гэта не Дзень Волі. Толькі летась нешта здарылася, што ўлады далі правесці канцэрт у цэнтры Менска. Сёлета яны зноў хацелі ўсіх адправіць на Бангалор, а калі не атрымалася, то адправілі ў іншае месца, але таксама падалей ад усіх – у Кіеўскі сквер. А калі 25 сакавіка Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Павал Аракелян і Ігар Варашкевіч вырашылі праспяваць на пешаходнай вуліцы ў цэнтры Менска, то іх затрымалі і склалі пратакол за спробу “зладзіць вулічны канцэрт”. Музыкаў затрымалі ў той момант, калі яны толькі дасталі свае інструменты. То бок нават яшчэ песні не паспелі праспяваць, а іх ужо затрымалі. А можа быць яны нічога і не спявалі б. А проста пастаялі з інструментамі ў руках? Які ж гэта канцэрт? Ці па Менску ўжо з гітарамі нельга хадзіць? І вось я ўсё думала, калі ўлетку па вечарах моладзь песні на вуліцы пад гітару спявае, гэта што? Паводле беларускіх уладаў, гэта аказваецца, вулічны канцэрт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ