Вольгу Мікалайчык аштрафавалі на 2 млн. рублёў



А 17-й гадзіне суддзя Тацяна Мотыль пачала разгляд справы. Дзякуючы адвакату, некаторыя нестыкоўкі ўдалося зняць. Прыкладна паўгадзіны доўжылася паседжанне. У выніку суддзя аштрафавала Вольгу Мікалайчык на 2 мільёны рублёў.

* * *

У судзе Маскоўскага раёну Менску разглядаюць адміністрацыйную справу рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Яе вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Актывістка Ніна Багінская ўчора вечарам каля Чырвонага касцёла разгарнула бел-чырвона-белы сцяг у знак памяці пра падзеі Плошчы-2010. Гэтую акцыю здымала рэжысёр Вольга Мікалайчык. Калі амапаўцы сталі затрымліваць Багінскую, Вольга заступілася за яе. У выніку – Багінскую адпусцілі, а Вольгу затрымалі – паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Кажа праваабаронца Наста Лойка:

–  Я ведаю, што Вольгу затрымалі ўчора з Нінай Багінскай. Ніну Багінскую адпусцілі, а Вольгу пакінулі. На яе склалі пратакол.

Адвакат Вольгі Мікалайчык даведаўся, што суд перанесены з 10-ці на 14 гадзін. Прычына пераносу невядомая. Справу разглядае суддзя Таццяна Мотыль.

Вольга Мікалайчык — рэжысёр-дакументаліст, аўтарка вядомых фільмаў «Катаванні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне». Яе стужкі пра беларускіх палітвязняў неаднойчы дэманстраваліся на міжнародных фестывалях.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя