Леў Марголін: Цэны працягнуць расці



Эканаміст Леў Марголін распавёў, чаму кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта не паўплывае на рост цэнаў.

Беларускі кіраўнік даў даручэнне Наталлі Качанаваў тэрмінова узяць пад кантроль рост цэнаў. Што з гэтага атрымаецца?

Леў Марголін: Ад Качанавай тут мала што залежыць, бо ўлада на словах непакоіцца пра рост цэнаў, а ў той жа час падпісвае дакументы аб іх падвышэнні. На днях быў падпісаны дакумент, які прадугледжвае падвышэнне акцызаў на паліва, а што гэта азначае? Паліва – гэта ўсё ў эканоміцы, бо ў цане любога прадукта закладзены яго кошт. Калі вырастуць акцызы, то вырастуць і цэны. Які б мы тавар не купілі – ад хлеба да веласіпеда – ва ўсім будзе закладзена падвышэнне акцызаў. Таму не ведаю, як кіраўніца Адміністрацыі вырашыць пастаўленую задачу.

РР: Якія яшчэ фактары ўплываюць на рост цэнаў?

Леў Марголін: Акрамя ўсяго іншага, апошнім часам ёсць рост курсаў замежных валют – даляра і еўра, а значыцца, што ўсе імпартныя складнікі даражэюць. Маецца таксама нейкі рост заробкаў, і гэта таксама аказвае пэўны ўплыў на цэны. Але гэта ўсё – законы эканомікі, на якія паўплываць чыноўнікі не могуць.

РР: Рост цэнаў працягнецца?

Леў Марголін: Думаю, будзе павольнае падвышэнне, бо ніякіх эканамічных рэформаў не праводзіцца і ў будучым не прадбачацца. А тое, што робіцца зараз, указвае, што цэны працягнуць расці.

Да таго ж, на бліжэйшыя пяць гадоў у нас ужо закладзена падвышэнне коштаў сыравіны для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, а гэта азначае, што і далей прыйдзецца падвышаць цэны на паліва і ўсё астатняе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя