Лукашэнка зацвердзіў новых кіраўнікоў чатырох раёнаў Менска
Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Новыя кіраўнікі з’явяцца адразу ў чатырох раёнах Менска — Заводскім, Кастрычніцкім, Партызанскім і Фрунзенскім.
Кіраваць адміністрацыяй Заводскага раёна сталіцы будзе Сяргей Масляк, які да цяперашняга часу працаваў старшынёй Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Менска стане Генадзь Любатынскі, які раней працаваў на пасадзе дырэктара камунальнага ўнітарнага даччынага прадпрыемства „Упраўленне капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна Менска”.
Валерый Вараніцкі ўзгоднены на пасаду кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Менска. Сюды ён пяройдзе з Ленінскага раёна сталіцы, дзе быў першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі.
Фрунзенскі раён Менска ўзначаліць Сяргей Шкруднеў, які раней працаваў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў — начальнiкам упраўлення рэгіянальнага развіцця апарата Савета міністраў.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў прызначэнне Аляксандра Ласевіча старшынёй Лагойскага райвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пухавіцкага райвыканкама.
Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Аляксандра Новікава на пасаду генеральнага дырэктара ААТ „Гомсельмаш”.
Кіраўнік дзяржавы прызначыў Андрэя Лучанка паслом Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і па сумяшчальніцтве ў Кувейце, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.
Акрамя таго, беларускі кіраўнік даў згоду на прызначэнне новых намеснікаў міністра транспарту і камунікацый.
Аляксей Ляхновіч, які раней працаваў намеснікам міністра транспарту і камунікацый, узгоднены на прызначэнне першым намеснікам міністра.
На пасады намеснікаў міністра ўзгодненыя Андрэй Іваноў, які дагэтуль працаваў дырэктарам дзяржаўнай установы „Белаўтастрада”, і Наталля Александровіч, якая раней кіравала галоўным упраўленнем эканомікі і фінансаў Міністэрства транспарту і камунікацый.