Cамы ненавісны помнік



Два гады таму ў сталіцы з’явілася скульптура менскага гарадавога. І за гэты час нелюбоў да гэтай кампазіцыі ўсё болей расце. Меў рацыю былы старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац, калі на адкрыцці скульптуры менскага гарадавога сказаў, што такі падарунак гораду стане знакавым месцам для жыхароў. Скульптура сапраўды стала знакавым месцам. Праўда, трошкі іншым, чым меркавалі міністр МУС Ігар Шуневіч і тагачасны старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац. Менскаму гарадавову дастаецца ад менчукоў яшчэ як. Тое аплявуху атрымае, тое шалік яму павесяць, а тое ўвогуле пятлю. Карацей, не стаіцца спакойна менскаму гарадавому ў сталіцы. Нават помнікам Уладзіміру Леніну ў Беларусі жывецца лепей: іх амаль ніхто не чапае. Чаго не скажаш пра скульптуру “Менскага гарадавога”, якая з’явілася на стагоддзе беларускай міліцыі і якая па задуме стваральнікаў увасабляе зборны вобраз гарадскога гарадавога – прадстаўніка паліцыі Расейскай імперыі.

І вось нядаўна стала вядома пра дзяўчыну, якая пхнула скульптуру менскага гарадавога нагой. За гэта дзеянне 18-гадовую беларуску затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Нагадаем, хлопца, які даў увосень аплявуху скульптуры, прымусілі прасіць прабачэння ў гэтай самай скульптуры. Гэтым разам міліцыя вырашыла дзейнічаць больш жорстка: адпраўляць у ІЧУ. З такім падыходам хутка каля скульптуры, якая не з’яўляецца помнікам і гісторыка-культурнай каштоўнасцю, паставяць ганаровую варту, якая будзе ахоўваць менскага гарадавога ад праяваў нелюбові гараджан. А інтэрнэт-карыстальнікі ўжо ў каментарах іранізуюць, што трэба яшчэ галубоў затрымаць за тое, што пазначаюць скульптуру прадуктамі сваёй жыццядзейнасці. Птушкі дакладна атрымаюць вышку за свае супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да скульптуры менскага гарадавога.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ