Незалежных журналістаў з Глыбокага зноў выклікаюць у міліцыю



Незалежных журналістаў з Глыбокага Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача чарговы раз выклікаюць у міліцыю. На гэты раз іх позвамі праз WhatsApp і Viber адпаведна “запрасіў” у Шаркоўшчынскі РАУС старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэй Курэц. У позве напісаны толькі час, на які трэба з’явіцца, адрас і адказнасць за няяўку. Больш ніякіх звестак у позве няма.

Як лічыць юрыст і праваабаронца Павел Левінаў, дасланыя журналістам дакументы нельга назваць позвамі, бо складзеныя яны няправільна. Таму журналісты могуць праігнараваць такое “запрашэнне”.

– Увогуле незразумела з гэтага дакумента, па адміністрацыйнай ці крымінальнай справе позва. Ці гэта да судовага выканаўцы выклікаюць? Гэта па-першае. Па-другое, у якасці каго выклікаюць? Не патлумачаны парадак аплаты праезду. За чый кошт ездзіць? І самае апошняе, што мяне абурае: позва напісана з граматычнымі памылкамі. Я вельмі сумняюся, што яе мог пісаць супрацоўнік міліцыі, куды адбіраюць самых лепшых, самых адукаваных, самых чэсных і самых дастойных.

Незалежная журналістка Таццяна Смоткіна праз WhatsApp ужо даслала паведамленне шаркоўшчынскаму міліцыянту, што яна гатовая з’явіцца ў міліцыю толькі пры ўмове, што позва будзе напісаная належным чынам. Бо, як кажа Таццяна, такой паперай міліцыянты не паважаюць ні сябе, ні журналістаў.

Зміцер Лупач згодны з калегай і збіраецца даслаць у шаркоўшчынскую міліцыю спасылку на артыкул працэсуальнага кодэкса, дзе напісана, як павінна быць аформлена позва.

Беларускае Радыё Рацыя