Алена Талстая аштрафаваная на 40 базавых велічынь (абноўлена)



Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў сустаршыню Руху салідарнасці „Раззам” Алену Талстую на 40 базавых велічынь – 1 тысяча 20 рублёў. Яна пакараная за правядзенне перформансу-пікету на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў Дзень Волі 25 сакавіка, дзе прыкавала сябе ланцугом да слупа і трымала плакат „Дзень Волі ў няволі”.

– Я хацела паказаць, што ўлада гатовая затрымліваць людзей, якіх яна баіцца, беларусаў, дзеля якіх на плошчы былі пастаўлены тры аўтазакі і шэсць мікрааўтобусаў. Яшчэ нікога не было на плошчы, мяне не было на плошчы, а ўлада была гатовая да арыштаў і затрыманняў. Я вырашыла прадэманстраваць, што Дзень Волі ў Беларусі праходзіць у няволі, што напярэдадні дазволенага святкавання таксама былі затрыманыя людзі, абсалютна незаконна. Таму я і выйшла, каб паказаць уладзе яе твар.

Па словах Алены Талстой, у ізалятары яе трымалі ў камеры, дзе яна была адна, не дазвалялі сустрэчы з адвакатам, якой яна патрабавала, не выдавалі пісьмовых прыналежнасцяў. У знак пратэсту Алена Талстая абвесціла галадоўку, якую трымала амаль 3 сутак.

***

Суд Цэнтральнага раёна Менска 28 сакавіка аштрафаваў актывістку Алену Талстую на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў). Рашэнне вынесла суддзя Вікторыя Шабуня.

* * * 

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 28 сакавіка ў другой палове дня пачаўся працэс па справе сустаршыні руху салідарнасці „Разам” Алены Талстой, затрыманай у Менску ў Дзень Волі.

Як паведаміў у „Фэйсбуку” Вячаслаў Сіўчык, які таксама з’яўляецца сустаршынём руху „Разам” і знаходзіцца ў зале суда, пасяджэнне вядзе суддзя Вікторыя Шабуня.

Алена Талстая была затрыманая ўвечары 25 сакавіка пасля таго, як дэманстратыўна прымацавала сябе ланцугом да слупа на Кастрычніцкай плошчы Менска і трымала плакат са словамі „Дзень Волі ў няволі. Свабоду народу!”. Паводле звестак праваабаронцаў, у ІЧУ на Акрэсціна Талстая ў знак пратэсту абвясціла галадоўку.

У чым канкрэтна абвінавачваюць актывістку, пакуль невядома.

Напярэдадні рух „Разам” выступіў з заявай, у якой заклікаў беларусаў праявіць салідарнасць з Талстой, „якую катуюць за Беларусь”, і падтрымаць яе ў судзе. „Алена Талстая за свой гераічны ўчынак была кінутая за краты, дзе абвясціла галадоўку, і трэція суткі знаходзіцца ва ўмовах, якія па міжнародных праваабарончых стандартах прыраўноўваюцца да катаванняў”, — гаворыцца ў заяве.

БелаПАН