Праваслаўны архіепіскап Якуб стане ганаровым грамадзянінам Беластоку
18-ым ганаровым грамадзянінам Беластоку стане праваслаўны архіепіскап Якуб.
„Гэта ўганараванне 20-годдзя паклікання яго на беластоцка-гданскага епіскапа, а таксама ўшанаванне ўнёску епіскапа ў справу экуменізма,” – кажа старшыня рады горада Беластока Лукаш Пракорым:
– Асоба біскупа Якуба не выклікае ніякіх пярэчанняў, усе радныя з вялікай зычлівасцю і пэўнай падтрымкай прынялі гэтую намінацыю. У такі спосаб будзе адзначана 20-гадовая душпастырская праца на карысць беластачан. Гэта падзяка за вялікую працу, без падзелу на пэўныя рэлігійныя і культурныя адрозненні.
Урачыстасць надання ганаровага грамадзяніна Беластока пройдзе 30 сакавіка. Упершыню ганаровым грамадзянінам Беластоку стане прадстаўнік праваслаўных жыхароў сталіцы Падляшша, сказаў Лукаш Пракорым. Сярод ганаровых грамадзянаў Беластоку знайшліся між іншымі папа Ян Павел другі, арцыбіскуп Славой Лешэк Глудзь, арцыбіскуп Станіслав Шымэцкі ці кардынал Генрык Гульбіновіч.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя