Берасцейскую і Гарадзенскую бязвізавыя турыстычныя зоны аб’яднаюць



Міністэрства спорту і турызму падрыхтавала праект указа аб аб’яднанні Берасцейскай і Гарадзенскай бязвізавых турыстычных зон, паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара дэпартамента па турызме ведамства Віталь Грыцэвіч.

Дакумент ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі органамі і цяпер знаходзіцца ў Міністэрстве юстыцыі, затым будзе ўнесены на разгляд у Савет міністраў.

Паводле слоў Грыцэвіча, такі крок, безумоўна, дасць штуршок далейшаму развіццю турызму ў гэтых дзвюх абласцях і адпаведна прынясе вялікую выручку краіне. „Мы працягваем тэрмін знаходжання ў аб’яднанай зоне да 15 дзён, — расказаў ён. — Акрамя таго, мы плануем дазволіць арганізаваным экскурсійным групам замежных турыстаў выязджаць за межы гэтай бязвізавай турзоны. Калі нашу прапанову зацвердзяць, турысты змогуць наведаць Мір, Навагрудак, Івацэвіцкі раён, дзе знаходзіцца музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. А для палякаў, напрыклад, гэта месца святое”.

Спецыяліст адзначыў, што па выніках 2018 года сярэдняе знаходжанне турыстаў у Берасцейскай бязвізавай зоне склала тры з паловай дні, у Гарадзенскай — каля двух дзён. „Аб’яднанне гэтых дзвюх зон дасць магчымасць турыстам паглядзець Беларусь шырэй, яны змогуць застацца ў нас на большую колькасць дзён. Экскурсійнае падарожжа можа скласці ад чатырох-пяці дзён да тыдня”, — расказаў ён.

Мінспорту і турызму разлічвае, што праект указа будзе зацверджаны да летняга турыстычнага сезона. „Сезон пачынаецца ўжо з красавіка. Хацелася б, каб гэты ўказ запрацаваў хаця б да лета, каб ужо ў гэты сезон мы змаглі абкатаць нашы аб’яднаныя зоны”, — сказаў Грыцэвіч.

Таксама ён паведаміў, што на 2019 год міністэрства ставіць план па экспарце турпаслуг у 240 млн долараў. У мінулым годзе план у 207 млн долараў атрымалася перавыканаць на 14%.

belapan.by