У Віцебску ідзе збор подпісаў за вяртанне Заходняй Дзвіне гістарычнай назвы



На мапах і ў некаторых геаграфічных даведнікаў з ХІХ стагоддзя ўжываецца менавіта такая назва – Заходняя Дзвіна. Хаця спрадвеку людзі называюць гэтую раку проста Дзвіной.

Жыхар Віцебска Кастусь Смолікаў запачаткаваў ініцыятыву за вяртанне гістарычнай праўды. Ён напісаў лісты ў выканкамы беларускіх гарадоў і мястэчак, якія стаяць на Дзвіне, але ягоную прапанову там не падтрымалі. Цяпер ён збірае подпісы за перайменаванне віцебскай рэчкі, каб накіраваць іх у Віцебскі аблвыканкам, а галоўнае – у абласны савет дэпутатаў, які мае права вырашаць пытанні мясцовай тапанімікі.

Сітуацыя з назвай ракі выходзіць за межы здаровага сэнсу, лічыць Кастусь Смолікаў:

– Я ўсё жыццё жыву ў Віцебску, каля Дзвіны, і ніводнага разу не чуў, каб нехта казаў “Заходняя Дзвіна” ці “Западная Двина”. Кажуць “пайшлі на Дзвіну, пайшлі на раку”. Толькі геаграфічныя мапы кажуць, што наша віцебская рака завецца Заходняя Дзвіна. Ёсць людзі зацікаўленыя, якія хочуць вярнуць спрадвечны назоў нашай рацэ. І мы збіраем подпісы ў абласавет дэпутатаў з такой ініцыятывай.

Кастусь Смолікаў стварыў у Фэйсбуку старонку “Проста Дзвіна . Там размяшчаюцца матэрыялы краязнаўчай тэматыкі, якія пацвярджаюць пазіцыю прыхільнікаў вяртання гістарычнай назвы: ва ўспамінах старажылаў, вандроўнікаў, гісторыкаў і мастакоў, якія малявалі тутэйшыя краявіды, гэтая рака сапраўды называецца проста Дзвіна.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота аўтаркі