Ганна Севярынец: Гарадзенцы – асаблівая публіка



Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец прадставіла ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні свае творы “Дзень Святога Патрыка” і “Гасцініца “Бельгія”. Прэзентацыя адбылася ў рэтраспектыўнай манеры пра вядомых і невядомых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Пра свае ўражанні са спаткання з гарадзенцамі кажа сама пісьменніца Ганна Севярынец:

– Гарадзенская аўдыторыя не такая, да якіх я прызвычаілася. Гэта вельмі інтэлігентная аўдыторыя. Аўдыторыя, што называецца, «у тэме». З такой аўдыторыяй немагчыма выехаць на нейкіх байках – тут патрэбны глыбіня, грунт, падмурак. І гэта вельмі прыемна. З такой аўдыторыяй адчуваеш сябе крышачку інакш.

На думку прафесара Аляксея Пяткевіча, Ганна Севярынец – вельмі цікавая даследчыца і пісьменніца:

Яна і даследчык, і пісьменніца. Я думаю, што як даследчык яна мацнейшая. Яна шмат ведае, працуе ў архівах. Прычым яе цікавяць нявысветленыя факты з літаратуры, гісторыі, асабліва 30-х гадоў, цікавяць яе асобы, маральна-псіхалагічны бок іх жыцця. Яна як педагог падыходзіць да гэтага своеасабліва. Яна цікавая асоба.

Пісьменніца паабяцала гарадзенцам, што прыедзе ў горад над Нёманам напрыканцы красавіка – пачатку траўня, каб прадставіць сваю новую кнігу пра Янку Купалу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня