На сустрэчы з Лукашэнкам канцлер Аўстрыі ўзняў пытанне  «дэфіцыту свабоды слова» ў Беларусі



Пытанне аб „дэфіцыце свабоды слова” ў Беларусі ўзняў канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 29 сакавіка ў Менску.

У цэнтры ўвагі былі таксама іншыя тэмы, якія тычацца правоў чалавека, адзначаецца ў прэс-рэлізе, размешчаным на сайце кіраўніка аўстрыйскага ўрада.

„Уцягванне Беларусі ва Усходняе партнёрства Еўразвяза неабходнае для паскарэння неабходных рэформаў”, — заявіў Курц. Пры гэтым, паводле яго слоў, ад Беларусі не трэба патрабаваць зрабіць выбар паміж Расеяй і Еўропай, а хутчэй, прапанаваць канцэпцыю „і, і”, у якой вялікае значэнне мае паглыбленне супрацы ў рамках Усходняга партнёрства.

На сваёй старонцы ў „Твітэры” канцлер напісаў: „З прэзідэнтам Лукашэнкам я абмеркаваў таксама тэмы, дзе мы іншай думкі: вяршэнства права і правы чалавека, пры гэтым мы робім стаўку на дыялог па правах чалавека, які праводзіцца ЕЗ”. (Адбылося пяць раўндаў двухбаковага дыялогу, які Еўразвяз праводзіць на індывідуальнай аснове больш чым з 30 краінамі. — БелаПАН.)

Выказванні Лукашэнкі на тэму захавання правоў чалавека Курц і аўтары прэс-рэліза на яго сайце не прыводзяць.

У паведамленнях прэс-службы беларускага кіраўніка пра візіт канцлера абмеркаванне гэтых пытанняў не згадвалася.

БелаПАН

Фота: president.gov.by