У Берасці выбіралі прэзідэнта Украіны (абноўлена)
Участак для галасавання на выбарах прэзідэнта Украіны быў арганізаваны ў консульстве Украіны ў Берасці. Ён абслугоўваў акругу, якая складаецца з Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей. Прыняць удзел маглі грамадзяне Украіны, якія стала пражываюць на тэрыторыі гэтых абласцей, а таксама падарожнікі з украінскім пашпартам, што аформілі адпаведныя паперы на прыбыццё.
Хаду галасавання каментаваў старшыня выбарчай камісіі ў Берасці Аляксандр Пшэднік:
4 тысячы 965 выбарцаў. Пакуль не магу сказаць дакладную інфармацыю, усё будзе вядома пасля восьмай гадзіны вечару. Правакацый ніякіх не было, людзі спакойна прыходзяць, галасуюць. Усё ціха і спакойна ў нас.
Пазней сталі вядомымі вынікі выбараў прэзідэнта Украіны на ўчастку ў консульстве.
Паводле інфармацыі назіральніка Сяржука Магонава і пратаколу камісіі на Берасцейшчыне, прагаласавалі 304 грамадзяніна Украіны. 151 голас яны аддалі за Уладзіміра Зяленскага, 57 за дзейснага кіраўніка Пятра Парашэнку, а трэцяе месца з 30 галасамі заняў Юрый Бойка.
„Праца выбарчага ўчастку ў Берасці, лічу, была арганізавана на належным узроўні”, – зазначыў консул-кіраўнік дыпламатычнай пляцоўкі Анатоль Дзідэнка:
– Актыўнасць выбаршчыкаў была вельмі добрай. Усе выбаршчыкі, якія прыходзілі, яны мабыць ужо папярэдне зрабілі свой выбар, бо на тое, каб паставіць галачку, за каго прагаласаваць, непасрэдна ў бюлетэні, шмат часу не патрабавалі. Шмат людзей прыходзіла з сем’ямі, з дзецьмі. Для людзей гэтыя выбары сталі святам.
Агульная колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спіс на ўчастку ў Берасці – 4949, на момант сканчэння галасавання. Пра папярэднія вынікі, як на берасцейскай, так на іншых пляцоўках, можна даведацца на сайце ЦВК Украіны, паведамляе афіцыйная старонка консульства.
У выбарчай камісіі прадстаўлены грамадзяне Украіны, якія стала пражываюць у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце