Сяргей Румас выступае супраць падтрымкі неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў



Новай падтрымкі дзяржкампаніям, якія не ў стане працаваць у сучасных эканамічных умовах, давацца не павінна, лічыць прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. Такая заява кіраўніка ўрада апублікаваная ў апошнім нумары часопіса Мінфіна „Финансы, учет, аудит”, у якім змешчаныя матэрыялы калегіі міністэрства.

Як адзначыў Румас, „бюджэт не можа, ды і не павінен, несці цяжар па фінансаванні нестабільных прадпрыемстваў”.

„Наш уласны вопыт і практыка іншых краін кажуць пра тое, што грашовыя ўліванні ў арганізацыі без змены сістэмы кіравання з боку ўласніка не даюць чаканага выніку”, — канстатаваў Румас.

Ён звярнуў увагу, што ў значнай часткі праблемных прадпрыемстваў ёсць даўгі перад бюджэтам. Згодна са звесткамі ўрада, на 1 студзеня 2019 года іх пратэрмінаваная запазычанасць перад рэспубліканскім бюджэтам склала больш за 1 млрд рублёў па сродках, дадзеных унутры краіны, і 390 млн долараў — па плацяжах, праведзеных Мінфінам у мэтах пагашэння і абслугоўвання знешніх пазык суб’ектаў гаспадарання.

„Вяртанне гэтых грошай — складаная задача. Але ўрад тут вызначыўся — неабходна зрабіць больш жорсткім кантроль за выкананнем арганізацыямі іх абавязацельстваў перад бюджэтам. Пад асаблівым кантролем апынуцца прадпрыемствы, якія атрымаюць дзяржпадтрымку, ініцыяваную цяперашнім складам Савета міністраў”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, плануецца таксама істотна палепшыць карпаратыўнае кіраванне на дзяржаўных прадпрыемствах.

„Актывізацыя працэсу паляпшэння карпаратыўнага кіравання мае цалкам адчувальную мэту — павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага сектара, якая будзе выяўляцца ў тым ліку і ў павелічэнні дывідэндаў, што выплачваюцца ўласніку, у гэтым выпадку — дзяржаве”, — падкрэсліў Румас.

У сувязі з гэтым ён паведаміў, што, магчыма, варта звярнуцца да кіраўніка дзяржавы для атрымання дазволу ўраду накіроўваць звышпланавыя дывідэнды, якія атрымліваюцца ад паляпшэння карпаратыўнага кіравання, на падтрымку іншых дзяржаўных прадпрыемстваў.

„Мяркуем, Міністэрству фінансаў патрабуецца прадумаць механізм, які пачне стымуляваць і органы дзяржкіравання на павышэнне эфектыўнасці працы. У той жа прамысловасці ёсць добрыя прадпрыемствы, якія дасягнулі поспеху ў тым ліку дзякуючы дзяржпадтрымцы, аказанай у мінулыя гады”, — адзначыў Румас.

Ён падкрэсліў, што дзяржава мае права канфіскаваць частку прыбытку ў выглядзе дывідэндаў у бюджэт, каб міністэрства прамысловасці пасля мела магчымасць накіраваць яе на папаўненне абаротных сродкаў іншых арганізацый. „Але рабіць гэта мэтазгодна толькі ў тым выпадку, калі ўрад убачыць, што такая мера дасць эфект у будучыні”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

belapan.by

Фота БЕЛТА