Анатоль Лябедзька: Фармат Бабіча вельмі прадуманы



Палітык Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, якая на сёння роля адведзена ў Беларусі расейскаму амбасадару Міхаілу Бабічу.

Анатоль Лябедзька: Трэба прызнаць, што Бабіч у пэўным сэнсе – супрацьлегласць яго папярэдніка Аляксандра Сурыкава. І адметнасць Бабіча не толькі ў актыўнасці. Ён не проста амбасадар, а яшчэ і палітык. Бабіч – гэта працяг Пуціна ў Беларусі. І насамрэч яго мандат двайны. Першы – дыпламатычны, а другі – спецпрадстаўніка прэзідэнта Расеі ў Беларусі. А гэта ўжо чыста палітычная фігура.

Таму, калі адбывалася палеміка паміж Бабічам і МЗС, многім рэзала вуха і на яго глядзелі, як на дыпламата. Аднак у той сітуацыі ён дзейнічаў у прававых рамках спецпрадстаўніка Пуціна. І зараз Міхаіл Бабіч фактычна праводзіць перадвыбарчую кампанію Пуціна ў Беларусі. Гэта тое, што спрабаваў у свой час рабіць Лукашэнка ў Расеі, але яго там хуценька спынілі. А Міхаіл Бабіч, маючы дыпламатычны імунітэт, можа спакойна наведваць прадпрыемствы, школы, ВНУ і фактычна агітаваць за Пуціна, “рускі свет” і гэдак далей. І ў гэтым ёсць вялікая небяспека для Беларусі. Хаця адзначым, што фармат Бабіча вельмі прадуманы.

РР: Беларускія ўлады ў такой сітуацыі нічога зрабіць не могуць?

Анатоль Лябедзька: Яны можа і хацелі б нешта зрабіць, але, як кажуць, рукі кароткія. Невыпадкова, што вакол персоны Бабіча ішлі розныя размовы, і беларускі бок не асабліва хацеў яго прымаць. І, на мой погляд, не столькі з-за нейкіх асабістых якасцей амбасадара. У МЗС, напэўна, ведалі, з якім мандатам ён сюды прыязджае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя