Ці знойдуць курапацкіх вандалаў?
Палітык Павел Севярынец распавёў пра тое, чаму не верыць, што знойдуць вандалаў, якія наносяць шкоду аб’ектам у Курапатах.
Нагадаем, што Менскім раённым аддзелам Следчага камітэта пачата крымінальная справа па факце наўмыснага пашкоджання матэрыяльных аб’ектаў у Курапатах.
23 сакавіка ў міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што на тэрыторыі месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы «Курапаты» з выкарыстаннем фарбы зроблены надпісы на мемарыяльных аб’ектах. Следча-аператыўная група правяла агляд месца здарэння.
Па выніках праверачных мерапрыемстваў распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.344 Крымінальнага кодэкса.
Таксама невядомыя павалілі ў Курапатах адразу 14 крыжоў.
Павел Севярынец: Тыя крыжы, якія можна было паставіць на месца, паставілі, а некаторыя ўжо састарэлі, таму іх трэба аднаўляць. Як вядома, зараз ідзе размова пра тое, каб у Курапатах паставілі відэакамеры.
РР: А як вы ўспрынялі навіну, што Следчым камітэтам пачата крымінальная справа па факце наўмыснага пашкоджання матэрыяльных аб’ектаў у Курапатах?
Павел Севярынец: Трэба не толькі ўзбуджаць справы (іх, здаецца, ужо пачак узбудзілі), але і рэальна затрымліваць вандалаў. Як толькі неабходна затрымаць кагосьці з абаронцаў Курапатаў альбо апазіцыйных палітыкаў, гэта выконваецца імгенна. Бяруць акурат ад пад’езда, забіраюць нават за пост у Фэйсбуку. А вандалаў, якія твораць злачынствы ўжо колькі гадоў, ніводнага разу не затрымалі і не пакаралі. Таму складваецца ўражанне, што ўсё гэта робіцца пад дахам сілавікоў.
Таму ўспрымаць навіну пра ўзбуджэнне крымінальнай справы можна было б нармальна, калі б праводзіліся рэальныя следчыя дзеянні. А ў дадзеным выпадку сітуацыя выглядае так: распачалі крымінальную справу, каб крыху супакоіць грамадскасць, а праз паўгода ціха яе закрылі. Няма ў мяне веры ў тое, што вандалаў знойдуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя