Алесь Белы прэзентаваў у Глыбокім свае кнігі
Пра традыцыйныя беларускія стравы і напоі гаварылі ў Глыбокім на сустрэчы з Алесем Белым.
Культуролаг і гісторык прэзентаваў там свае апошнія кнігі „Сакатала Бочачка” і „Беларуская кухня: Гастранамічны даведнік”. У першай распавядаецца пра гісторыю ў нарысах беларускіх алкагольных напояў. Гэтую кнігу, па словах аўтара, ён пісаў з перапынкамі васямнаццаць гадоў. Над другой кнігай гісторык працаваў 20 гадоў.
Паводле Алеся Белага, у апошнія гады ён стаў заўважаць, што ў беларусаў узрасла цікавасць да беларускай кухні, але над яе папулярызацыяй яшчэ трэба добра папрацаваць усім у розных сферах і на розных узроўнях:
– Калі мы хочам доўгатэрмінова існаваць, як краіна, калі мы не хочам разарыцца ўшчэнт у эканамічным сэнсе і проста не збанкрутаваць у культуры – страціць самапавагу, страціць здольнасць да ўзнаўлення сваіх культурных сімвалаў. Проста прачынацца і неяк годна пачынаць дзень, разумець, што мы не апошнія людзі на зямлі. Гэта ўсё трэба рабіць. Кухня – гэта далёка не апошняе, а наадварот, гэта адзін з самых першых элементаў культуры, які патрабуе штодзённай культывацыі.
На сустрэчы ішла размова і пра адметнасць глыбоцкай і “дзісенскай” рэгіянальнай кухні. Алесь Белы распавёў глыбачанам пра перспектывы, якія чакаюць на рынку рэгіянальныя харчовыя брэнды.
Напрыканцы імпрэзы ўсе жадаючыя набылі кнігі з аўтографам аўтара.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя