Хакеісты „Нёмана” перамаглі „Шахцёр” і згуляюць у фінале з „Юнацтвам”



Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” сталі другімі фіналістамі чэмпіянату Беларусі, выйграўшы ў зацяжной паўфінальнай серыі ў салігорскага „Шахцёра” – 4:3.

1 красавіка ў Гародні ў сёмым, вырашальным паядынку серыі да чатырох перамог гаспадары перамаглі з рэзультатам 3:0 (1:0, 2:0, 0:0). Падапечныя Сяргея Пушкова адкрылі лік у пачатку 13-й хвіліны пасля далёкага кідка абаронцы Мікіты Крыскіна. У хуткім часе пасля пачатку другога перыяду форвард Сяргей Смураў падвоіў перавагу дзеючых чэмпіёнаў краіны, а за паўтары хвіліны да другога перапынку Сяргей Маляўка давёў лік да 3:0. У заключнай трэці матчу госці шмат атакавалі, але так ні разу і не змаглі трапіць у вароты Віталя Труса.

Першым фіналістам 27-га нацыянальнага першынства раней стала мінскае „Юнацтва”, якое перамагло ў сваёй паўфінальнай серыі маладзечанскае „Дынама” (4:0).

Хакеісты „Нёмана” і „Юнацтва” трэці раз запар сустрэнуцца ў серыі за чэмпіёнскі тытул, прычым у двух папярэдніх фіналах поспех быў на баку гарадзенскай дружыны. У мінулыя гады „Нёман” і „Юнацтва” па сем разоў былі чэмпіёнамі Беларусі – больш, чым усе астатнія клубы.

Першы матч цяперашняй „залатой” серыі да чатырох перамог адбудзецца 3 красавіка ў Менску.

У барацьбе за бронзу сустрэнуцца няўдачнікі паўфіналаў „Дынама” і „Шахцёр”.

belta.by