Барацьба з пластыкам



Ля берагоў Італіі вылавілі тушу самкі кіта з мёртвым дзіцём унутры. Імаверная прычына смерці жывёлы, як устанавілі эколагі, — усюдыісны пластык. У чэраве кіта было знойдзена больш за 20 кг пластыкавых пакетаў, рыбалоўных сетак і ўпаковак ад пральнага парашка. Пра гэтае здарэнне напісаў на сваім акаўнце міністр навакольнага асяроддзя Італіі Серджыа Коста. Паводле высокапастаўленага чыноўніка, “Італія неўзабаве стане адной з першых краінаў у свеце, якая абароніць прыроду ад пластыка”. Гэтая навіна была шырока растыражаваная сусветнымі СМІ. Многія беларускія інтэрнаўты таксама запосцілі фотаздымкі загіблай жывёлы на сваіх старонках у розных сацыяльных сетках. Што праўда, у аналізе гэтай падзеі далёка не ўсе былі адзінадушныя. Адна блогерка прама пра гэта і напісала: “Чарговыя навіны… Знойдзены мёртвы кашалот, які наеўся пластыка. Чый гэта пластык? Чаму прапаганда адмовіцца ад пластыка праводзіцца ў краіне, якая нават выхаду ў мора не мае?”. І далей растлумачыла ў паведамленні, што яе “пластык ляжыць на сметніцы каля Гатава ці па дарозе на Цну”.

У абмеркаванні тэмы выказаліся некалькі чалавек, якія таксама папракнулі “сусветную змову СМІ” і экалагічных актывістаў, якія нібыта нагнятаюць сітуацыю. Нехта выказаўся стрымана, што дастаткова “памяняць слова кашалот на зайца альбо ваўка”, каб праблема стала больш відавочнай. У адказ аўтарка допісу зазначыла, што хацела б больш чытаць пра беларускі лес, а не пра далёкія акіяны.

Увогуле падобныя допісы, у якіх ставіцца пад сумнеў глабальны маштаб праблемы засмечвання пластыкам, з’ява досыць тэндэнцыйная. Нехта, займаючы прэзідэнцкую пасаду, адмаўляе факт глабальнага пацяплення, хоць пры жаданні можа пачытаць у свабодным доступе гігабайты аналітычных матэрыялаў кліматолагаў. Аднак яму прасцей называць спробы вырашэння праблемы спекуляцыямі левых і выдумкамі зялёных тэрарыстаў. А хтосьці, жывучы ў Беларусі, якая не мае выхаду да мора, вінаваціць сусветныя СМІ ў тым, што яны падсоўваюць яму інфармацыю не па адрасе. Інфармацыйны ізаляцыянізм, альбо, як казаў у дачыненні да беларускай вышэйшай школы філосаф Уладзімір Фурс, туземная інкапсуляцыя, у сучасным свеце выглядае сама меней дзівацтвам. Тым больш, даволі дзіўна чытаць падобныя паведамленні ад людзей, якія карыстаюцца амерыканскай сацсеткай “Фэйсбук”, апранаюцца ў адзенне, пашытае ў ЕЗ, носяць абутак, зроблены ў Інданэзіі, чытаюць навіны з кітайскіх гаджэтаў і адпачываюць на марскіх курортах. То бок, цалкам інтэграваныя ў сучасны глабальны свет людзі закрываюцца ад усіх праблемаў планеты кругаглядам жыхара хутара.

Ці трэба беларусам пераймацца экалагічнымі праблемамі нашай планеты? Калі б, скажам, італьянцы мыслілі ў падобным рэчышчы, то сотні тысяч беларускіх дзетак з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў Беларусі ніколі б не выехалі на аздараўленне за мяжу. А японскія ці нямецкія дабрачынныя фонды не пастаўлялі б у 1990-х высокатэхналагічнае медычнае абсталяванне ў беларускія бальніцы і паліклінікі. Ды і аднаўленне беларускіх балотаў часта адбываецца не за нашыя сродкі, а за грошы міжнародных прыродаахоўных арганізацый.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ