Трох жыхароў Віцебску будуць судзіць за Дзень Волі



На 101-я ўгодкі БНР віцябляне ўскладалі кветкі да помнікаў знакамітым беларусам. Збор быў прызначаны каля помніка князю Альгерду. Людзі былі па-святочнаму апранутыя, шмат фатаграфаваліся, чакаючы іншых.

Пасля таго, як трое з іх выклалі ў сацыяльныя сеткі свае здымкі з бел-чырвона-белым сцягам, міліцыянты распачалі адміністрацыйныя справы.

Як распавёў Яраслаў Кійко, на іх з братам склалі пратаколы праз тыдзень пасля з’яўлення фотаздымка ў Facebook.

-Мы проста ўзялі сцяг і вырашылі сфатаграфавацца каля помніка ў гістарычны дзень такі. Патрымалі сцяг, сфатаграфаваліся, гэта было практычна некалькі хвілінаў. І ўсё. Тыдзень прайшоў, і тады мяне знайшоў супрацоўнік міліцыі, а потым і майго брата. Пратакол склалі. Указана ў пратаколе, што было “пікетаванне з выкарыстаннем бел-чарвона-белай палатніны”.

Братоў Кійко будуць судзіць 10 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну. Гэтаксама як і Міколу Качурца, які размясціў сваё фота са сцягам у Instagram. Спадар Качурэц прыгадвае, што летась яго таксама судзілі за Дзень Волі, калі ён выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду:

– Мы выйшлі святкаваць 101-ю гадавіну БНР, гэта наша свята вялікае. Мінулагодняе скончылася тым, што схапілі мяне за адзенне ды пацягнулі ў машыну! Завезлі,склалі пратакол, тады на суткі кінулі ў ІЧУ ды асудзілі. Колькі там было базавых, не памятаю, але сума – 735 рублёў штрафу.

Паводле адміністратыўнага заканадаўства, за несанкцыянаванае пікетаванне могуць прысудзіць або “суткі”, або штраф памерам да 30 базавых велічынь. Нагадаем, падчас ускладання кветак ніводнага затрымання не было, прэтэнзіі міліцыянтаў пачалі выяўляцца толькі цяпер.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя